Спецвыпуск газеты "Народная Воля" У рэгіёнах Беларусі актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” праводзяць традыцыйную інфармацыйную акцыю з раздачай спецвыпускаў газет “Народная Воля”. Акцыі ладзяцца ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання, які праходзіць у Беларусі з 5 па 10 кастрычніка.

Такім чынам правабаронцы і прыхільнікі адмены смяротнага пакарання прыцягваюць увагу грамадскасці да праблемаў смяротнага пакарання, у прыватнасці да ўмоваў утрымання зняволеных у камерах смяротнікаў.

Спецыяльна для спецвыпуска газеты, прысвечанаму праблемам смяротнага пакарання, падрыхтавалі матэрыялы вядомыя пісьменнікі, публіцысты і паэты (Уладзімір Некляеў, Алесь Бяляцкі, Сяржук Сыс, Сяргей Дубавец, Галіна Дубянецкая і Паліна Сцепаненка).

Распачалі інфармацыйную акцыю ў рэгіёнах 6 кастрычніка светлагорскія праваабаронцы і грамадскія актывісты. Алена Маслюкова, праваабаронца ПЦ “Вясна”, адзначыла, што мінакі ахвотна бралі прапанаваныя газеты.

Алена Маслюкова раздае
Алена Маслюкова раздае "Народную волю" ў Светлагорску

У панядзелак, 8 кастрычніка, падтрымалі інфармацыйную акцыю ў Магілёве і Баранавічах.

Магілёўскі праваабаронца Аляксей Колчын адзначыў, што старэйшае пакаленне разбірала газеты больш ахвотна:

«Друкаваную прэсу яшчэ пакуль рана хаваць. Для людзей ва ўзросце інфармацыя ў газеце, асабліва па такім важным пытанні як смяротнае пакаранне, вельмі важная».

Аляксей Колчын раздае газеты ў Магілёве
Аляксей Колчын раздае газеты ў Магілёве

mspring.online піша, што ў Магілёве праваабаронцы і валанцёры раздалі амаль паўтысячы асобнікаў спецвыпуску газеты «Народная воля».

Баранавіцкія праваабаронцы і актывісты таксама перадалі, што газеты “Народнай Волі” разышліся хутка.

baranavichi_volya.jpg
Баранавіцкія праваабаронцы і актывісты

У пятніцу, 5 кастрычніка, праваабаронцы "Вясны" правялі такую ж інфармацыйную акцыю ў Мінску. Правядзенне акцый чакаецца і ў іншых рэгіёнах Беларусі.

Тыдзень супраць смяротнага пакарання: Што? Дзе? Калі?

Крыніца: Рэгіянальныя праваабаронцы праводзяць акцыі з раздачай спецвыпуску “Народнай волі” Фота