У другой палове дня 8 кастрычніка ў Жэневе, дзе праходзіць 124-й сесія Камітэта ААН па правах чалавека, афіцыйныя прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь упершыню за 20 гадоў прадставілі справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Затым афіцыйная дэлегацыя, з удзелам прадстаўнікоў асноўных міністэрстваў і ведамстваў, якую ўзначальваў пастаянны прадстаўнік Беларусі ў Жэневе Юры Амбразевіч, адказвала на пытанні Камітэта.
Пры гэтым, прадстаўнікі Беларусі ўхіляліся ад многіх пытанняў Камітэта па сутнасці, выказваючы тым самым грэблівае стаўленне і пагарду як да Камітэта па правах чалавека, так і да сваіх міжнародных абавязальніцтваў.
Праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч, які бярэ ўдзел у працы чарговай сесіі Камітэта ААН, зазначае, што прадстаўнікі Беларусі ўхіляліся ад адказу на многі пытанні, зададзеныя Камітэтам, заяўляючы пры гэтым, што нацыянальнае права прэвуалюе над міжнародным правам.
“Было бачна, - паведаміў праваабаронца, - што дзяржава наўпрост не збіраецца выконваць многія істотныя рэкамендацыі і рашэнні КПЧ, лічыць іх неабавязковымі для выканання, і надае ім факультатыўны характар. Гэта ж тычыцца і спецыяльных працэдур Камітэта, і многіх палажэнняў Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным дзяржавай”.
Нагадаем, што ў першай палове дня 8 кастрычніка прадстаўнікі кааліцыі праваабарончых арганізацый прадставілі свае тэзісы для сябраў Камітэта па правах чалавека ААН.