Як паведамляе Радыё Свабода, праваабарончая прэмія Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы імя Вацлава Гаўла прысуджана старшыні чачэнскага філіяла праваабарончага цэнтра "Мемарыял" Аюбу Ціціеву, які цяпер знаходзіцца пад вартай. Пра гэта на сесіі ПАСЕ, якая адкрылася ў панядзелак у Страсбургу, заявіла старшыня ПАСЕ Ліліян Мары Паск'е.
Зварот Аюба Ціціева быў зачытаны з трыбуны Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. У ім праваабаронца піша пра "атмасферу беспакаранасці", якая пануе ў Чачні, і пра сфабрыкаваныя крымінальныя справы, якія суправаджаюцца, паводле яго слоў, катаваннямі і здзекаваннямі. Сам Ціціеў лічыць свой крымінальны пераслед помстай за сваю працу па пошуку зніклых без вестак і ўстанаўленню вінаватых у гібелі людзей падчас вайны ў Чачні. Ён нагадаў пра лёс праваабаронцы Наталлі Эсцеміравай, якая была забітая.
Аюб Ціціеў быў арыштаваны 9 студзеня. Яго абвінавацілі ў захоўванні і перавозцы наркотыкаў. Сам ён заяўляе, што марыхуану яму падкінулі. Зараз у Чачні ідзе суд над праваабаронцам у закрытым рэжыме.
Акрамя Аюба Ціціева ў шорт-ліст фіналістаў прэміі Вацлава Гаўла ў галіне правоў чалавека ўвайшлі намеснік Генеральнага сакратара FIDH Набіл Раджаб (Бахрэйн) і кубінская актывістка за правы чалавека Роза Марыя Пайя.
Прэмія Вацлава Гавела ў галіне правоў чалавека уручаецца за выбітныя дзеянні грамадзянскай супольнасці ў абароне правоў чалавека ў Еўропе і за яе межамі. Прэмія заснавана ў 2013 годзе ў памяць Вацлава Гавела, былога прэзідэнта Чэхаславаччыны і Чэхіі, вядомага сваімі дзеяннямі на карысць грамадзянскай актыўнасці, прамой дэмакратыі і дысідэнцтва да камуністычнай улады.
Нагадаем, 30 верасня 2013 года Прэмія Вацлава Гавела ў галіне правоў чалавека была прысуджаная зняволенаму на той момант старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму.