Час ад часу на вуліцах ці на фатаздымках у сеціве можна пабачыць людзей, апранутых у майкі з яскравым і запамінальным надпісам “Скажы НЕ смяротнаму пакаранню!”, дызайн якіх быў распрацаваны Уладзімірам Цэслерам. Напярэдадні сусветнага Дня супраць смяротнага пакарання ПЦ “Вясна” вырашыў спытаць у розных людзей, у якіх сітуацыях яны апранаюць гэтыя майкі і чаму яны такім чынам публічна выказваюцца супраць смяротнай кары. Спорт як спосаб данесці іншым свае погляды

Сябра Праваабарончага цэнтру “Вясна” з Барысава Алег Мацкевіч не толькі праваабаронца, але і аматар здаровага ладу жыцця, у прыватнасці забегаў. Так, на сёлетнім Мінскім паўмарафоне ён апранаў майку “Не смяротнаму пакаранню”. Бо, па меркаванні Мацкевіча, спорт – гэта вельмі добры інструмент для публічнага выказвання сваіх поглядаў.

mackevich_marathon.jpg
Праваабронца Алег Мацкевіч пасля фінішу Мінскага паўмарафона - 2018. Фота з яго старонкі Facebook

“Ідэя выкарыстоўваць забегі для выказваньня ўласных меркаваньняў нарадзілася ў мяне адначасова з пачаткам удзелу ў такіх спартовых мерапрыемствах", - распавядае Алег Мацкевіч. - "Летась у майцы з гербам Пагоня я ўдзельнічаў спачатку ў легкаатлетычным кросе ў сваім родным Барысаве, а потым – у паўмарафоне ў Мінску. У гэтым годзе я вырашыў змяніць тэматыку і апрануў на Мінскі паўмарафон майку са знакамітай выявай Уладзіміра Цэслера “Скажы не смяротнаму пакаранню”. Лічу гэта карыснай справай і нармальнай праявай чалавечай волі. Амаль кожны грамадзянін мае, што сказаць людзям, і павінны быць свабодным у сваім жаданні выказацца.

Барысаўскі праваабаронца лічыць, што наяўнасць смяротнага пакарання ў Беларусі – гэта адна з найвялікшых праблемаў гуманітарнага складу для краіны.

“Гэта тое, што моцна адкідвае нас у цывілізацыйным развіцьці назад. Беларусам з большага імпануе той узровень цярпімаьці, які мае асвечаная Эўропа. Але трэба зразумець: покуль мы выкарыстоўваем забойства як метад барацьбы з злачынасцю, мы застаемся свайго роду “нэандэртальцамі” сярод цывілізаваных народаў. Нельга выхаваць свабодную, высокаразвітую, духоўную асобу ў грамадстве, дзе ёсць смяротнае пакаранне”, - лічыць праваабаронца.

Гэта не адзіны прыклад, калі майкі “Не смяротнаму пакаранню” апраналі “у спартовых мэтах”. Так, у жніўні аматарская футбольнай каманда Партыі БНФ удзельнічала ў штогадовым "Кубку свабоды", дзе пасяпахова заняла трэцяе месца. Пры гэтым апрануты гульцы каманды былі ў майкі Цэслера. 

bnf_kubak_svabody.jpg
Каманда Партыі БНФ па футболе на "Кубку свабоды" 2018 года. Фота з Facebook Андрэя Саротніка

Выкарыстоўваць не проста футбольную форму, а форму з пэўнымі грамадска значнымі мэсэнджамі для каманды не ўпершыню. Мэнэджэр каманды Андрэй Саротнік узгадаў, што раней, калі ў зняволенні знаходзіліся палітык Мікола Статкевіч і праваабаронца Алесь Бяляцкі, гульцы гралі ў майках з выявамі гэтых палітвязняў.

“Але гэтым разам мы вырашылі, што актуальным будзе сказаць пра праблему смяротнага пакарання, якая існуе ў нашым грамадстве. Таму і вырашылі апрануць гэтыя майкі. Лічу, што такім чынам у нас атрымалася своеасаблівая акцыя”, - пракаментаваў Саротнік.

Брамнік каманды, журналіст Юрась Дзяшук, які жыве ў Бярозаўцы, адзначае, што ў невялікім горадзе майка “Не смяротнаму пакаранню” выклікае жывы інтарэс у мясцовых жыхароў.

“Пасля тых спаборніцтваў я час ад часу яе апранаю. І людзі ў Бярозаўцы часам пытацца пра тое, што там напісана, што ўвогуле гэта значыць і ці сапраўды я выступаю упраць смяротнага пакарання. Аднаго разу нават з аднакласнікам, які працуе ў войску, узнікла гарачая спрэчка на гэтую тэму”.

Крыніца: Чаму і калі людзі апранаюць майкі “Скажы НЕ смяротнаму пакаранню”? Частка 1