У вёсцы Вішнева Валожынскага раёна ў 12.00 распачалася імша, прысвечаная Святому Амброзію Медзіяланскаму (каля 340 – 397 гг), які лічыцца першым вядомым абаліцыяністам у свеце.

Ён быў адвакатам да таго, як стаў біскупам Мілана, і таму свае прапановы па адмене смяротнага пакарання грунтаваў не толькі на маральных прынцыпах, але і на прынцыпах права.

Менавіта Святы Амброзій прапанаваў імператару Феадосію Вялікаму адмяніць смяротнае пакаранне.

“З пункту гледжання нашай веры, ніхто не павінен забіць чалавека, які ў свой час будзе мець магчымасць для пакаяння да самага моманту яго смерці”, - пісаў Святы Амброзій у сваёй працы “Каін і Авель”.

На імшы прысутнічалі старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда, старшыня Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Алена Танкачова, Паліна Сцепаненка, мастак Алесь Пушкін ды інш.

Арганістка касцёла Дзевы Марыі з Вішнева, Марыя Трапашка, напісала гімн, прысвечаны Святому Амброзію.

Крыніца: У Вішнева ўшанавалі памяць першага абаліцыяніста свету Святога Амброзія Фота