Як стала вядома ПЦ “Вясна", палітзняволены Міхаіл Жамчужны пасля ўтрымання ў ШІЗА на працягу 90 сутак быў змешчаны яшчэ і на месяц ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).
Пра гэта напісаў сам палітвязень у паштоўцы:
Таксама Міхаіл Жамчужны паведаміў, што ў калоніі №9 г. Горкі праводзілі праверку, падчас якой палітвязню давялося паразмаўляць з правяраючым і ўказаць на шэраг парушэнняў ва ўмовах утрымання, а таксама на катаванні і прыніжэнне чалавечай годнасці. Неўзабаве пасля праверкі ў калоніі змяніўся начальнік. Аднак нейкіх надзей на змянне стаўлення да яго з боку адміністрацыі калоніі палітзняволены не ўскладае.
Міхаіл Жамчужны адзначае, што са здароўем у яго ўсё ў парадку, і дзякуе за акуляры, якія яму даслалі.
“Я ў цемры як кот – усё бачу і чытаю”, - піша ён.
Аднак палітвязень здзіўлены, што колькасць лістоў, якія да яго прыходзілі падчас трохмесячнага знаходжання ў ШІЗА, вельмі малая.
Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля яго пераводу ў Горацкую калонію, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін.
Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.
Крыніца: Пасля 90 сутак ШІЗА Міхаіл Жамчужны правёў месяц у ПКТ