Як стала вядома ГА "БАЖ", пракуратура Савецкага раёна Мінска падала апеляцыйны пратэст на рашэнне суда па справе Аркадзя Ізраілевіча супраць недзяржаўнай газеты “Новы час” і журналіста Дзяніса Івашына.
Пракуратура просіць адмяніць рашэнне суда Савецкага раёна Мінска ад 10 верасня 2018 года па пазове Аркадзя Ізраілевіча да выдавецкага унітарнага прадпрыемства “Час навін” (выдаўца газеты “Новы час”) аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі і накіраваць справу на новы разгляд.
Дакумент за подпісам намесніка пракурора Савецкага раёна Мінска Загароўскага 18 верасня быў накіраваны судовай калегіі па грамадзянскіх справах Мінскага гарсуда.
Нагадаем, бізнесовец Аркадзь Ізраілевіч праз суд патрабаваў прыцягнуць да адказнасці газету “Новы час” і журналіста Дзяніса Івашына за нібыта знявагу гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Нагодай для судовага разбіральніцтва стала журналісцкае расследаванне Дзяніса Івашына пра будаўніцтва пад Мінскам побач з Курапатамі скандальна вядомага рэстараннага комплекса “Поедем поедим”. 10 верасня Савецкі райсуд Мінска, разгледзеўшы справу, не задаволіў пазоў Ізраілевіча і прызначыў спагнаць з яго 600 рублёў на карысць газеты і журналіста.
Крыніца: Пракуратура апратэставала рашэнне суда па справе “Ізраілевіч супраць “Новага часу”