Вярхоўны камісар ААН Зейд Раад аль-Хусэйн, выступаючы ў Жэневе на адкрыцці 35-й сесіі Савета па правах чалавека, настойліва рэкамендаваў усім дзяржавам не адмаўляцца ад супрацоўніцтва з праваабарончымі механізмамі ААН.
Як паведамляе Цэнтр навінаў ААН, гэтае пытанне Зейд Раад аль-Хусэйн узняў у кантэксце барацьбы з тэрарызмам, заявіўшы, што «тэрарызму неабходна пакласці канец», але пры гэтым «антытэрарыстычныя меры не павінны прыводзіць да грубых парушэнняў правоў чалавека».
Нагадваючы пра неабходнасць супрацоўнічаць з міжнароднымі механізмамі, Вярхоўны камісар раскрытыкаваў улады Беларусі, Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі, Эрытрэі, Ізраіля і Ірана за адмову прызнаваць мандат спецыяльных дакладчыкаў ААН.
Галоўны праваабаронца ААН адзначыў, што многія краіны свету адмаўляюцца запрашаць у краіну спецыяльных дакладчыкаў і не прадстаўляюць своечасова справаздачы аб выкананні асноўных дамоваў у галіне правоў чалавека.
Разам з тым Вярхоўны камісар паведаміў, што шэраг дзяржаў у апошнія гады змянілі сваё стаўленне да праваабарончых механізмаў ААН і праяўляюць вялікую гатоўнасць да супрацы. У якасці прыкладу Зейд Раад аль-Хусэйн прывёў Узбекістан, дзе нядаўна пабываў. Разам з тым, ён падкрэсліў, што Узбекістан па-ранейшаму сутыкаецца з сур'ёзнымі праблемамі ў галіне правоў чалавека, але кіраўніцтва, як ён мяркуе, «вядзе краіну ў правільным кірунку».
Што да Беларусі, то на бягучай сесіі спецдакладчык Міклаш Харасці, мандат якога ўлады краіны не прызнаюць, прадставіць Савету па правах чалавека даклад па сітуацыі ў краіне. Абмеркаванне гэтага дакладу запланавана на 14 чэрвеня. Пасля ў Савеце па правах чалавека павінна адбыцца галасаванне па пытанні аб падаўжэнні мандата спецдакладчыка па Беларусі, у сувязі з чым беларускія і міжнародныя праваабаронцы з 30 траўня па 1 чэрвеня правялі шэраг сустрэчаў з прадстаўніцтвамі розных краінаў-сябраў Савета па правах чалавека ў Жэневе, пераконваючы іх ў неабходнасці падаўжэння мандата.
У склад Савета па правах чалавека ўваходзяць 47 дзяржаў. У групы ўсходнееўрапейскіх дзяржаў у гэтым органе шэсць месцаў. У 2017 годзе гэтая група прадстаўлена Албаніяй, Венгрыяй, Грузіяй, Латвіяй, Славеніяй і Харватыяй. У Азіі і Афрыкі - па 13 месцаў, у Лацінскай Амерыкі - восем і ў групы, якая аб'ядноўвае заходнееўрапейскія дзяржавы, ЗША, Канаду і Ізраіль, - сем месцаў.