Фота з сайта vitebsk-region.gov.by Ваеннаслужачых пад «прыкрыццём» бязвыплатнай дапамогі ва ўборцы ўраджаю прыцягнулі да прымусовай працы на сельгаспрадпрыемствах Сенненшчыне. Пра гэта без якога-небудзь сарамлівасці паведамляецца на сайце Віцебскага аблвыканкама.

Яшчэ з 27 ліпеня зводны ўзвод з 45 вайскоўцаў прыбыў у Віцебскі рэгіён, каб ад шостай раніцы і да позняга вечара перавозіць збожжа, рапс, салому.

«У армейцаў гэта лічыцца палявым выхадам, таму грошай за сваю працу яны не атрымліваюць», - адзначыў камандзір зводнага ўзвода гвардыі маёр Раман Сугака.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце аблвыканкама, дзякуючы дапамозе Мінабароны сельгаспрадпрыемствы рэгіёну не мелі праблем з адвозкай збожжа, а за гэта салдаты былі «забяспечаныя трохразовым харчаваннем і пражывалі ў належных бытавых умовах».

20 верасня на цэнтральнай плошчы Сянно праводзілі вайскоўцаў на месца пастаяннай дыслакацыі караваем, святочным абедам і канцэртам. У дарогу салдатам выдалі сухпаёк.

Фота з сайта vitebsk-region.gov.by

Старшыня Сенненскага райвыканкама Васіль Чарэднік быў задаволены працай вайскоўцаў і падкрэсліў, што яны прадэманстравалі, што «наша армія моцная не толькі ў забеспячэнні абароназдольнасці краіны».

Гэта не адзінкавы выпадак прыцягнення да ўборкі вайскоўцаў, а Сенненшчына - не адзіны рэгіён, дзе выкарыстоўваецца прымусовая праца. Ваеннае ведамства ў гэтым годзе таксама «дапамагала» у Мінскім і Мсціслаўскім раёнах, дзе ў агульнай складанасці на палях было задзейнічана 114 вайскоўцаў і 70 адзінак тэхнікі.

«За кожным зярняткам, кожны... я, кожны баец нясе адказнасць», - падкрэсліў намеснік камандзіра роты сувязі вайсковай часкі №33933 Яўген Хомчык у відэакаментары для БелТА.

Праваабаронцы ж "Вясны" ў чарговы раз адзначаюць сістэматычны характар ​​прымусовай працы ў Беларусі.

Яны звяртаюць увагу, што акрамя асобных артыкулаў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнароднага пакта аб сацыяльных, эканамічных і культурных правах, Канвенцыі №29 Міжнароднай арганізацыі працы, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якіх прама забараняецца прымусовая праца, у арт. 11 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь» таксама ўказваецца на недапушчальнасць прыцягнення Узброеных сіл для выканання задач, не звязаных з забеспячэннем ваеннай бяспекi i ўзброенай абароны Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і канстытуцыйнага ладу. Выключэннем могуць быць выпадкі неабходнай абароны насельніцтва і аказання яму дапамогi пры ўзнiкненнi надзвычайных сітуацый.

Аналагічная норма ўтрымліваецца і ў арт. 10 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб статусе ваеннаслужачага».

«Варта адзначыць, што ўборка сельскагаспадарчага ўраджаю ніякім чынам не з'яўляецца надзвычайнай сітуацыяй, такім чынам, прыцягненне вайскоўцаў да дадзеных работ з\яўляецца не дапушчальным.

Улічваючы, што вайскоўцы знаходзяцца ў падпарадкаванні сваіх камандзіраў і абавязаны выконваць іх загады і распараджэнні пад пагрозай дысцыплінарнай і іншай адказнасці за непадпарадкаванне, яны не могуць адмовіцца ад выканання такой працы. Пры такіх абставінах, улічваючы неаплатны і відавочна мабілізацыйны характар ​​сельскагаспадарчых работ, ёсць усе падставы кваліфікаваць такую праца ваеннаслужачых, як прымусовую», - лічыць юрыст ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца ўжо накіраваў заяву генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь, у якой просіць правесці пракурорскую праверку фактаў прыцягнення вайскоўцаў да прымусовай працы і прыняць меры пракурорскага рэагавання, скіраваныя на абарону правоў дадзенай катэгорыі грамадзян.

Нагадаем, раней Валянцін Стэфановіч не аднойчы звяртаў увагу пракуратуры на праблему прымусовай працы і парушэння працоўнага заканадаўства. Так, праваабаронца звяртаўся з неаднаразовымі заявамі ў пракуратуру Мінскай вобласці па факце гібелі вучаніцы Маладзечанскай школы Вікторыі Папчэні на прыборцы бульбы 29 верасня 2016 года, а таксама па факце прымусовай працы на ўборцы ўраджаю кукурузы ў Вілейскім раёне ў лістападе 2016 года, сенакосу ў Глускім раёне ў чэрвені таго ж году і інш. 

У канцы верасня праваабаронцам таксама стала вядома аб прыцягненні работнікаў розных дзяржпрадпрыемстваў г. Горкі на ўборку гародніны колькасцю 100 чалавек у дзень у перыяд з 10 да 29 верасня ў Горацкім раёне.

Чытайце па тэме:

Крыніца: 50 дзён салдаты ўбіралі ўраджай за каравай, абед і сухпаек ў дарогу