Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
- у месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка. У дачыненні да абодвух палітвязняў працягвае аказвацца ціск з боку адміністрацый папраўчых устаноў;
- на працягу месяца назіралася актывізацыя следчых дзеянняў у дачыненні да шэрагу журналістаў незалежных інтэрнэт-выданняў БелаПАН і TUT.BY па раней распачатай крымінальнай справе па ч. 2 арт. 346 КК (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды). Варта адзначыць, што гэтая крымінальная справа атрымала істотны міжнародны рэзананс. Шэраг нацыянальных і міжнародных журналісцкіх і праваабарончых арганізацый заклікалі ўлады Беларусі спыніць ціск на незалежныя СМІ краіны;
- на працягу месяца былі зафіксаваныя шматлікія факты ціску на незалежных журналістаў-фрылансераў і блогераў, факты затрыманняў і адміністрацыйных арыштаў удзельнікаў мірных сходаў;
- з пачаткам восеньскага перыяду аднавілася традыцыйная для Беларусі практыка прыцягнення работнікаў прадпрыемстваў і ўстаноў, у тым ліку навучэнцаў сярэднеадукацыйных і вышэйшых навучальных устаноў, да сезонных работ па ўборцы ўраджаю, неабумоўленых працоўнымі дамовамі. Дадзеная практыка супярэчыць як нацыянальнаму працоўнаму заканадаўству, так і нормам міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, якія забараняюць прымусовую працу;
- такім чынам, сітуацыя з правамі чалавека цягам месяца істотна не палепшылася, а негатыўныя тэндэнцыі, якія назіраліся ў жніўні, захоўваліся і атрымалі сваё далейшае развіццё.
На працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка. У дачыненні да абодвух палітвязняў працягвае аказвацца ціск з боку адміністрацый папраўчых устаноў.
Так, Міхаіл Жамчужны практычна не пакідае сцены штрафнога ізалятара папраўчай калоніі № 9 у Горках.
Як стала вядома праваабаронцам, да ранейшых спагнанняў у выглядзе заключэння палітвязня ў ШІЗА дадаліся новыя: па 10 сутак яму вынеслі 30 жніўня і 10 верасня. Такім чынам, за апошнія тры месяцы Жамчужны адседзеў у штрафным ізалятары 50 сутак. А калі лічыць у цэлым, то практычна атрымліваецца 100 сутак ізалятара.
Дзмітрый Паліенка паведаміў аб тым, што адміністрацыя папраўчай установы забараніла іншым зняволеным мець зносіны з ім пад пагрозай пераводу ў іншы атрад.
Таксама ў верасні актывізаваліся следчыя дзеянні па г.зв. “справе БЕЛТА”. На допыты ў якасці сведак і падазраваных у Следчы камітэт актыўна выклікаліся журналісты незалежных інфармацыйных інтэрнэт-выданняў БелаПАН і TUT.by.
Асаблівы рэзананс у СМІ атрымала заява журналіста TUT.by Дзмітрыя Бобрыка пра пагрозы і ціск на яго. Паводле яго слоў, у час знаходжання ў Следчым камітэце пад пагрозай разгалошвання інфармацыі аб асабістым жыцці і шляхам пагрозаў на адрас яго родных ён быў вымушаны падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве. Пры гэтым прадстаўнікі Следчага камітэта адмаўляюць сваё дачыненне да агучаных фактаў.
Нагадаем, што 7 жніўня СК паведаміў пра ўзбуджэнне ў дачыненні да шэрагу журналістаў недзяржаўных СМІ справы па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды).
На працягу трох дзён, 7-9 жніўня, у рэдакцыях незалежных СМІ, а таксама ў некаторых журналістаў і рэдактараў, прайшлі ператрусы. Былі затрыманыя галоўная рэдактарка TUT.by Марына Золатава, рэдактаркі партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародная аглядальніца інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, карэспандэнт “Нямецкай хвалі” Паўлюк Быкоўскі і рэдактар інтэрнэт-сайта газеты “Беларусы і рынак” Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.
Сваю падтрымку журналістам і рэдакцыям выказалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама нацыянальныя і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
3 верасня лідары незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік падалі апеляцыйныя скаргі на прысуд ад 24 жніўня 2018 г., якім суд прызнаў іх вінаватымі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры) і прысудзіў да абмежавання волі з забаронай займаць кіруючыя пасады.
Ціск на праваабаронцаў
15 верасня праваабаронцы, сяброўцы ПЦ “Вясна” са Светлагорска Алене Маслюковай было вынесена пісьмовае пракурорскае папярэджанне. Пракурор раёна А. Яўсеенка папярэдзіў яе аб адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, палічыўшы, што Маслюкова можа быць арганізатаркай несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Нагадаем, у Светлагорску 15 верасня планавалася правесці мітынг супраць працы завода па вытворчасці беленай цэлюлозы, але ўлады на гэты дзень запланавалі іншае мерапрыемства. Аднак людзі ўсё роўна сабраліся на плошчы і правялі флэшмоб супраць выкідаў з заводу.
20 верасня Алену Маслюкову выклікалі ў мясцовы РАУС у якасці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс па ч. 1 арт. 23.34 КаАП (удзел або арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства), дзе ў дачыненні да яе быў складзены пратакол за ўдзел у сходзе грамадзян (флэшмобе).
24 верасня ў судзе Салігорскага р-на пачаўся судовы працэс па разглядзе адміністрацыйнай справы ў дачыненні да Алены Маслюковай і актывіста ініцыятыўнай групы па кантролі за працай завода беленай цэлюлозы Анатоля Змітровіча. Працэс будзе працягнуты 3 кастрычніка.
Парушэнне свабоды мірных сходаў, свабоды выказвання меркаванняў
Працягваецца ціск на ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту супраць размяшчэння побач з месцам масавых расстрэлаў ва ўрочышчы Курапаты забаўляльнай ўстановы “Поедем, поедим”. 3 верасня суддзя суда Мінскага раёна Аляксей Крапачоў вынес пастанову аб пакаранні Піліпа Шаўрова штрафам у памеры 20 базавых велічынь (490 рублёў); Дзяніса Урбановіча пакаралі сям'ю суткамі адміністрацыйнага арышту, Максіма Вінярскага — дзесяццю суткамі. Праз некалькі дзён дзесяць сутак арышту былі прызначаныя Паўлу Севярынцу, штраф — Дзянісу Урбановічу. Таццяна Кім за пратэсты ля Курапатаў аштрафаваная. У Віцебску таксама аштрафаваныя Алёна Янушкоўская, Ірына Захарава і Таццяна Севярынец.
Разам з тым, гарадскія ўлады адмаўляюць у правядзенні мірных акцый; забароны не абгрунтаваныя дапушчальнымі абмежаваннямі свабоды мірных сходаў. Так, Мінгарвыканкам адмовіў у задавальненні заяўкі на правядзенне 15 верасня акцыі салідарнасці з незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі і прафсаюзамі, ініцыятарамі якой сталі аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», рух «За Свабоду» і Аб'яднаная грамадзянская партыя.
Пераслед журналістаў
Працягваецца пераслед незалежных журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ; па надуманых падставах іх караюць буйнымі штрафамі за выраб і распаўсюд медыя прадукцыі.
Так, Ірыну Арахоўскую аштрафавалі на 490 рублёў за публікацыю яе фотарэпартажа пра Дзень дэсантніка на Belsat.eu: рашэнне пакараць журналістку штрафам (арт. 22.9 КаАП — “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) вынес суддзя Іван Касцян (Цэнтральны суд Мінска).
Суддзя суда Браслаўскага раёна Аляксандр Вязіцкі пакараў журналіста-фрылансера з Глыбокага Дзмітрыя Лупача штрафам у памеры 36 базавых велічынь (882 руб.) за вострасацыяльны матэрыял, размешчаны на сайце Belsat.eu. Гэта восьмы штраф журналіста ў гэтым годзе.
У Баранавічах на 980 рублёў аштрафаваная Тамара Шчапёткіна за супрацоўніцтва з “Радыё Рацыя”.
У Мінску суддзя Сяргей Шаціла ў 1 225 рублёў штрафу ацаніў стрым прэс-канферэнцыі Леаніда Зайдэса, аднаго з ініцыятараў размяшчэння забаўляльнай установы “Поедем, поедим” каля месца масавых расстрэлаў ва ўрочышчы Курапаты, які вяла журналістка Кацярына Андрэева.
Дзясяты з пачатку года штраф атрымала журналістка Вольга Чайчыц. Пастанову вынесла суддзя суда Дзяржынскага раёна Іна Шайко.
Прымусовая праца
27 верасня сябар Рады ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч накіраваў зварот старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта па факце прымусовай працы па ўборцы морквы і буракоў у Горацкім раёне.
Як стала вядома праваабаронцам з публікацыі на сайце onliner.by, яшчэ 6 верасня Горацкім райвыканкамам было выдадзена распараджэнне аб прыцягненні работнікаў розных дзяржпрадпрыемстваў г. Горкі на ўборку гародніны колькасцю 100 чалавек на дзень у перыяд з 10 да 29 верасня.
Распараджэнне было падпісана не толькі старшынёй Горацкага райвыканкама Сяргеем Кулагіным, але і шэрагам іншых службовых асобаў: першым намеснікам старшыні, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Сяргеем Шацкім, кіруючай справамі Наталляй Кавалёвай, загадчыцай юрыдычнага сектара Аленай Кажэка.
Да яго прыкладзены спіс з 20 арганізацый г. Горкі, а кантроль за выкананнем распараджэння ўскладзены на першага намесніка Сяргея Шацкага і намесніка, адказнага за сацыяльную сферу і ідэалагічную працу Сяргея Пруднікава.
Варта адзначыць, што такога роду прыцягненне работнікаў прадпрыемстваў і ўстаноў, а таксама навучэнцаў школ, сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў да сезонных работ па ўборцы ўраджаю, неабумоўленых працоўнымі дамовамі, носяць у Беларусі сістэматычны характар і кваліфікуюцца беларускімі праваабарончымі арганізацыямі як прымусовая праца.
Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верасень 2018