Права на мірны сход. Фота: Новы час «Камітэт ізноў заяўляе, што дзяржаве-удзельніку трэба перагледзець сваё заканадаўства,... у прыватнасці рашэнне № 881 Віцебскага гарадскога раённага камітэту,... з мэтай спрыяння поўнаму ажыццяўленню ў дзяржаве-удзельніку правоў, замацаваных у артыкулах 19 і 21 Пакту», – гаворыцца ў надоечы апублікаваных чарговых меркаваннях Камітэту ААН па правах чалавека (КПЧ), прынятых ім датычна скаргаў праваабаронцы Паўла Левінава. Пра гэта паведамляе рэгіянальны праваабарончы сайт "Віцебская вясна".

Вядзецца пра Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правох, выконваць які абавязалася Рэспубліка Беларусь згодна з ратыфікаванай краінай міжнароднай дамовай. Паводле Канстытуцыі, нормы міжнароднага права маюць у Беларусі вышэйшы прыярытэт у параўнанні з унутранымі заканадаўчымі актамі.

Апроч згаданага рашэння гарвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 году, якім рэгулюецца, як грамадзяне могуць рэалізаваць сваё права на мірныя сходы ў горадзе Віцебску, КПЧ патрабуе ад беларускіх уладаў змяніць і Закон «Аб масавых мерапрыемствах», на якім грунтуецца рашэнне № 881.

Нагодай звярнуцца ў КПЧ для Паўла Левінава стаў шэраг забаронаў адзіночных пікетаў, заяўкі на якія ён падаваў у 2012 годзе. Усяго такіх пікетаў мусіла адбыцца пяць, і на ніводзін з іх мясцовыя ўлады не далі дазволу, спасылаючыся на рашэнне № 881. Маўляў, заяўнік хацеў правесці пікеты ня ў тых месцах, што адмыслова прызначаныя гарадскім выканкамам пад масавыя мерапрыемствы, – а гэта тры бязлюдныя пляцоўкі ў парках гораду.

Дзіўна, але згодна з беларускім заканадаўствам пад паняцьце «масавыя мерапрыемствы» падпадаюць і пікеты, удзельнікам якіх выступае толькі адна асоба.

Пяць забароненых пікетаў праваабаронцы – тры падобныя адно да аднаго цяперашнія рашэнні КПЧ (у адной са скаргаў Левінаў згадаў адразу тры эпізоды, яны былі аб'яднаныя ў адну справу). Ва ўсіх рашэннях Беларусь прызнаная парушальніцай пункту 2 артыкулу 19 Пакту («Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання...»).

Рашэнне № 881 Віцебскага гарвыканкаму накладае на арганізатараў мерапрыемстваў ня толькі абмежаванне на месцы іх правядзення, але і ўводзіць яшчэ адну перашкоду: ахвочыя правесці мірны сход мусяць папярэдне заключыць дамовы аб яго абслугоўваньні з міліцыяй, ЖКГ і мэдыкамі. Пералічаныя ў рашэнні службы, як правіла, адмаўляюцца заключаць такія дамовы, праз што легальнае правядзенне мерапрыемства робіцца немагчымым.

Адзіны выпадак, калі цягам амаль 10-ці гадоў дзеяння рашэння № 881 актывістам удалося дамагчыся ад мясцовых уладаў дазволу на мірны сход, стаў Дзень Волі – 2018. Сябрам партыі БНФ адміністрацыя Чыгуначнага раёну Віцебску дазволіла мітынг 25 сакавіка ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў, але заяўнікі самі адмовіліся яго праводзіць, спаслаўшыся на занадта вялікі рахунак, які выставілі ім міліцыянты за паслугі па абслугоўванні імпрэзы.

Крыніца: КПЧ ААН: Трэба мяняць рашэнне Віцебскага гарвыканкаму аб масавых мерапрыемствах