Алан Сміт. Фота: Радыё Свабода. Алана Пола Сміта вызвалілі ранкам 29 верасьня з ІК-3 «ВІцьба». Ён дастаўлены ў Нацыянальны аэрапорт Менск і мае вылецець у Варшаву, а адтуль у Лёндан. Радыё Свабода паразмаўляла з ягонай жонкай Магдаленай Валынскай.

«Я скочу за ім у полымя. Алан ведае, што я зраблю для яго ўсё. Такім мусіць быць каханьне»,Магдалена Валынска, жонка брытанца Алана Сміта, які два гады адседзеў у беларускай калёніі, дачакалася ягонага вызваленьня.

Полька Магдалена і курд Алан сустрэліся 11 гадоў таму ў Гданьску.

«З таго моманту мы разам, — распавядае Магдалена. — Пяць гадоў пражылі ў Курдыстане (маецца на ўвазе тэрыторыя пражываньня курдаў — РС), заснавалі там кампанію. Але пасьля пераехалі ў Лёндан і жылі звычайным жыцьцём. Мы ня бачыліся два гады, але рабілі ўсё, каб дапамагчы адзін аднаму».

Магдалена Валынска вядзе ў фэйсбуку групу «Support for Alan», якая стала суполкай падтрымкі зьняволеных у Беларусі замежнікаў. Два гады ў Беларусі сталі кашмарам для яе сям’і, кажа Магдалена. Яна перакананая, што ва ўладаў Беларусі не было аніякіх падставаў арыштоўваць яе мужа.

«Уся справа была падстроеная»

«Сьледзтва высунула супраць яго больш за 30 абвінавачаньняў і ніводнае зь іх не было сапраўдным. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён быў галоўным арганізатарам злачыннага каналу (міграцыі — РС.). У судзе былі яшчэ два чалавекі, якіх абвінавачвалі паводле той жа справы. Яны ўпершыню пабачылі адзін аднаго ў залі суду. Гэта выглядала як камэдыя, — распавядае Магдалена. — Адукаваны чалавек з Брытаніі, які мае ступень магістра і скончыў PhD, сядзіць у адной клетцы з двума беларускімі цыганамі, якія ня скончылі, я думаю, 6 клясаў школы і раней ужо былі арыштаваныя».

Магдалена кажа, што за некалькі месяцаў суду пракурор не задаў Алану ніводнага пытаньня. Адмовілі таксама ў хадайніцтве апытаць праз скайп курдзкую сям’ю, празь дзеяньні якой Сміт трапіў за краты.

«Гэта жанчына ў інвалідным вазку і яе сям’я, — тлумачыць Магдалена — Яна папярэдне прасіла нас пра дапамогу. Нашая кампанія Курдзкі Эўрапейскі бізнэс-Цэнтар дапамагае людзям з Блізкага і Сярэдняга ўсходу атрымаць мэдычную дапамогу. Мы кансультацыйная кампанія. Таксама мы дапамагаем у кантактах паміж эўрапейскімі і ўсходнімі бізнэсмэнамі. Жанчына зьвярнулася да нас, сказала, што ў яе ёсьць віза ў Беларусь і спытала, ці мы можам дапамагчы ёй атрымаць тут мэдычную дапамогу. Мы пагадзіліся і гэта абярнулася кашмарам».

«Я лічу, што ўся гэтая справа была падстроеная, — кажа Магдалена. — Ня бачу аніякай прычыны для арышту Алана. Я была шакаваная прысудам. Я ня ведаю, чаму яны вырашылі пасадзіць яго ў турму».

У зьняволеньні Алан паведамляў жонцы пра іншых замежнікаў, якія трапілі ў Беларусі за краты. «Француз Жалян Віё ці Аляксандр Лапшын, Даічы Ёшыда — так шмат замежнікаў, якіх Беларусь пасадзіла за краты. Цяпер італьянец, які даваў урокі італьянскай мовы, знаходзіцца ў турме, — распавядае Магда. — Я завяла старонку ў фэйсбуку і хачу зрабіць дабрачынную арганізацыю ў Лёндане „Падтрымка зьняволеным замежнікам у Беларусі“. Я буду працягваць дапамагаць людзям. Ня толькі замежнікам, але і беларусам. Столькі людзей у Беларусі сядзяць у турме з прычынаў, якія цяжка сабе ўявіць. У камэры Алан сядзеў з высокакваліфікаванымі выкладчыкамі, дактарамі, юрыстамі. Ён казаў, што ў гэтай турме ня знойдзеш сапраўдных злачынцаў, усе звычайныя людзі. Усё гэта вельмі сумна».

«Не было вады, вакна і вэнтыляцыі. Увесь дзень сядзеў на падлозе»

Магдалену жахаюць умовы, у якіх у Беларусі знаходзяцца зьняволеныя.

«Калі ў Глыбокім адбываўся суд, Алана трымалі ў памяшканьні без вакна, вэнтыляцыі і вады. Яны забіралі з пакоя матрац і ён сядзеў на падлозе цэлы дзень. Не было вады, каб памыць рукі. Калі ён казаў, што яму трэба ў туалет, яму давалі вядро. Гэта быў жах, — кажа яна. — Два гады мы спрабавалі з дапамогай амбасады, адвакатаў і проста добрых людзей перадаць яму акуляры. У яго быў зрок +4,5, а стаў +6 за час зьняволеньня. І ён дагэтуль не атрымаў акуляраў».

Магдалена кажа, што ў ІК-3, дзе Сміт адбываў пакараньні, былі выпадкі масавых атручэньняў.

«Фактаў кепскага абыходжаньня з Аланам вельмі шмат. Усё гэта прымусіла яго абвясьціць галадоўку. Гэта было вельмі роспачнае рашэньне, — тлумачыць Магдалена. — Ён трымаў галадоўку 8 дзён. Ня толькі таму, што ён быў у кепскіх умовах, але і таму, што іншыя былі. Ягонага найлепшага сябра Руслана перавялі ў карцэр, проста таму, што ён перакладаў для яго. Ён там заставаўся адзін месяц абсалютна ні за што».

 Магдалена кажа, што адміністрацыя калёніі паўгоду не дазваляла у тэлефанаваць ёй. Сытуацыя памянялася толькі пасьля візыту ў калёнію супрацоўнікаў амбасады Брытаніі.

«Гэта так жахліва. Мы ня бачыліся два гады, але хаця б маглі размаўляць па тэлефоне. А пасьля яны забаранілі званкі і лісты. У нас не было аніякіх кантактаў, гэта было так цяжка», — распавядае Магдалена.

«Беларусы — найлепшая нацыя»

Увесь час зьняволеньня Алана ў ІК-3 ім дапамагалі беларусы, кажа Магда. Большасьць з гэтых людзей яна нават ня ведае.

«Кожны раз, як хтосьці са сваякоў быў на спатканьні ў калёніі, мне паведамлялі навіны пра Алана, перадавалі яму трошкі ежы, — распавядае яна. — На маёй старонцы ў фэйсбуку можна пабачыць, як шмат людзей рады за нас і хочуць пабачыць нашыя фота разам. Найбольшую дапамагу нам аказаў Павал Левінаў, ён так шмат зрабіў. І яшчэ адна жанчына два гады перадавала для яго ежу. Яна ніколі ня ведала Алана і ні разу яго ня бачыла, але рабіла гэта ўсе два гады. Не магу назваць яе імя. Яна проста анёл».

Не ўпэўненая, гаворыць Магдалена, што ў Брытаніі ці ў Польшчы знайшла б такую ж дапамогу. «Беларусы — найлепшая нацыя, — кажа яна. — Я вельмі ўдзячная кожнаму, хто нам дапамагаў».

«Я прасіла ў фэйсбуку дасылаць фотаздымкі са слоганам у падтрымку Алана і даслала іх яму на дзень народзінаў, — распавядае Магдалена, як іх сям’ю падтрымлівалі па ўсім сьвеце. — Ён сказаў, што гэта найлепшы момант у ягоным жыцьці. Ён быў такі шчасьлівы. Таму я пачала падтрымліваць і іншых вязьняў. Я атрымліваю лісты ад іх і ведаю, што нават проста паштоўка можа зьмяніць шмат і зрабіць чалавека шчасьлівым. Калі чалавека проста віншуюць з днём народзінаў ці з калядамі. Там так шмат людзей, у якіх няма жонкі, сваякоў, сям’і, сяброў. Таму я дасылаю ім паштоўку».

45-гадовы Алан Сьміт быў арыштаваны ў верасьні 2016-га ў Берасьці і празь 10 месяцаў знаходжаньня ў Віцебскім СІЗА асуджаны на два гады.

Алан Сміт родам з Курдыстану, жыў у Лёндане. Разам з жонкай яны мелі ў Польшчы кампанію, якая займалася наладжваньнем бізнэс-сувязяў курдзкіх і эўрапейскіх бізнэсоўцаў і арганізоўвала ў Эўропе лячэньне пацыентаў з Блізкага Ўсходу.

Прыехаўшы ў Беларусь, Сміт дапамагаў грамадзянцы Курдыстану, інвалідцы, якая законна, па візе, прыбыла ў Беларусь, аформіць дазвол на знаходжаньне ў Беларусі. Пазьней высьветлілася, што тая жанчына разам са сваёй сям’ёй — усяго 6 чалавек — зьбіраліся міграваць далей у Эўразьвяз. Алану, які ня меў дачыненьня да перасячэньня імі мяжы, інкрымінавалі арганізацыю незаконнай міграцыі. У судзе сваёй віны Сьміт не прызнаў, сьмела заявіўшы аб ужываньні за кратамі катаваньняў.

Магдалена Валынска, якую арыштавалі разам з мужам, але неўзабаве вызвалілі, пачала онлайн-кампанію ў падтрымку свайго мужа і напісала Аляксандру Лукашэнку. «Умовы, у якіх знаходзіцца муж, жахлівыя», — пісала яна.

Разам з Аланам Сьмітам у той жа калёніі адбывае пакараньне беларускі краязнавец Алесь Юркойць. Таксама з калёніі нядаўна выйшаў японскі мастак Даічы Ёшыда. Асуджаны ў 2017-м на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму за нелегальны правоз зброі, ён быў неспадзявана вызвалены 22 траўня 2018-га. Вярхоўны суд, які раней адмаўляўся пераглядаць справу Ёшыды, урэшце палічыў ягоны прысуд занадта жорсткім.

Крыніца: «Два гады кашмару» — вызвалены брытанец, які быў асуджаны ў Беларусі на два гады зьняволеньня