Удзельнікі вечарынкі Legalize Belarus у Бараўлянах. Фота з фэйсбуку Пятра Маркелава. У Менску ў ноч на нядзелю спецназ затрымаў удзельнікаў вечарынкі, арганізаванай у гадавіну грамадскай кампаніі Legalize Belarus, перадае БелаПАН.

Як паведаміў у Фэйсбуку актывіст Legalize Belarus Пётр Маркелаў, затрыманне каля трох гадзін ночы праводзілі байцы СОБР у камуфляжы, са зброяй.

Усяго было затрымана 27 чалавек. «Шукалі кантраляваныя рэчывы. Не знайшлі», - паведаміў Маркелаў.

Затрыманых даставілі ў Бараўлянскае аддзяленні міліцыі РАУС Мінскага раёна, перапісалі дадзеныя.

Праз некалькі гадзін усіх затрыманых адпусцілі.

Як паведамляе Радыё Свабода, усяго затрымалі 27 удзельнікаў вечарыны. Паводле словаў Маркелава, падчас затрыманьня міліцыянты білі некаторых удзельнікаў вечарыны і вялі апэратыўныя здымкі.

Затрыманых адвезлі ў апорны пункт Бараўлянскага РАУС. На 5 чалавек выпісалі пратаколы і штрафы за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадзкім месцы. А 7:30 затрыманых адпусцілі, сказаў Маркелаў.

Legalize Belarus - кампанія, мэта якой дамагчыся легалізацыі ў краіне лёгкіх наркотыкаў, а таксама змякчэння пакарання па «антынаркатычнай» артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Крыніца: У Мінску ноччу спецназ затрымаў удзельнікаў вечарынкі Legalize Belarus