"Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе існуе пакаранне смерцю. Калі асуджаныя да смяротнага пакарання трапляюць у "калідор смерці", супрацоўнікі турмы ставяцца да іх так, як быццам іх ужо няма сярод жывых. Адвакатам часта адмаўляюць у спатканнях, карэспандэнцыя падвяргаецца цэнзуры і адбіраецца, каб не дазволіць сем'ям ведаць, ці жывыя іх сваякі" Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі"
Па слядах дапаможніка і перасоўнай экспазіцыі “Кожны мае права ведаць свае правы” у прававым лікбезе ад “Вясны” распавядаем пра смяротнае пакаранне ў Беларусі.
Ці існуе дагэтуль смяротнае пакаранне ў Беларусі? Так, на жаль, Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе ў якой дагэтуль захаваўся такі від пакарання, як смяротнае. |
Хто можа быць прыгавораны да вышэйшай меры пакарання? Да смяротнага пакарання могуць асудзіць толькі мужчын ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў. |
Дзе замацавана магчымасць прымянення смяротнага пакарання? У нацыянальным заканадаўстве: Смяротнае пакаранне да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з выракам суда (арт. 24 Кастытуцыі Рэспублікі Беларусь). У якасці выключнай меры пакарання дапускаецца прымяненне смяротнай кары - расстрэлу за некаторыя асабліва цяжкія злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых абставінах (да адмены смяротнага пакарання) (арт. 59 Крымінальнага кодэксу). А таксама ў міжнародных пагадненнях, падпісаных і ратыфікаваных Беларуссю: У краінах, якія ня адмянілі смяротнага пакарання, смяротныя прысуды могуць выносіцца толькі за самыя цяжкія злачынствы ў адпаведнасці з законам, які дзейнічаў падчас здзяйснення злачынства і які не супярэчыць пастановам сапраўднага Пакта і Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго. Гэта пакаранне можа быць ажыццёўлена толькі ў мэтах выканання канчатковага прысуду, вынесенага кампетэнтным судом (арт. 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах). |
За што чалавека могуць асудзіць да смяротнага пакарання? У крымінальным кодэксе існуе пералік злачынстваў (13 артыкулаў), за ўчыненне якіх чалавеку можа быць прызначана вышэйшая мера. Аднак часцей за ўсё ў Беларусі смяротнае пакаранне прызначаецца за забойства (ч.2 арт. 139 КК): двух або больш асоб; заведама малалетняга, састарэлага або асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане; заведама для вiнаватага цяжарнай жанчыны; спалучанае з выкраданнем чалавека альбо захопам закладніка; здзейсненае агульнанебяспечным спосабам; учыненае з асаблівай жорсткасцю; спалучанае са згвалтаваннем або гвалтоўнымі дзеяннямі сэксуальнага характару; з мэтай схаваць іншае злачынства ці аблегчыць яго здзяйсненне; з мэтай атрымання трансплантанта альбо выкарыстання частак трупа; асобы або яго блізкіх у сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці або выкананнем грамадскага абавязку; асобы або яго блізкіх за адмову гэтай асобы ад удзелу ў здзяйсненні злачынства; з карыслівых меркаванняў, альбо па найму, альбо спалучанае з разбоем, вымагальніцтвам або бандытызмам; з хуліганскіх меркаванняў; па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або розні, палітычнай ці ідэалагічнай варожасці, а роўна па матывах варожасці або розні ў дачыненні да якой-небудзь сацыяльнай групы; здзейсненае групай асоб; учыненае асобай, якая раней учынiла забойства. Толькі аднойчы за апошнія 24 гады да растрэлу былі асуджаныя Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў за “акт тэрарызму” у мінскім метро. Цікава, што смяротнае пакаранне прадугледжана і за забойства супрацоўніка органаў унутранных спраў у звязку з выкананнем ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку (арт. 362 КК). |
Што адбываецца з чалавекам, асуджаным да смяротнага пакарання, пасля прысуду? Тэма смяротнага пакарання ў Беларусі дагэтуль застаецца за сям’ю пячаткамі. Грамадства практычна нічога не ведае пра ўмовы ўтрымання асуджаных да вышэйшай меры. Вядома толькі тое, што яны ўвесь час пасля вынясення прысуда знаходзяцца ў цэнтры Мінску, у СІЗА на Валадарскага. Чытайце пра ўмовы ўтрымання смяротнікаў у першай, другой і трэццяй частцы артыкула “Таямніцы растрэльнага калідора”. |
Дзе прыводзяцца прысуды ў выкананне? Паводле інфармацыі былога начальніка СІЗА №1 Алега Алкаева існуе так званая “растрэльная каманда”, якая прыводзіць прысуд у выкананне стрэлам з пісталету ў патыліцу асуджанага ў падвале СІЗА №1.
Наколькі вядома праваабаронцам, прысуды адбываюцца ўначы. |
Колькі чалавек было пакарана смерцю ў Беларусі ад моманту яе незалежнасці? Дакладна невядома колькі чалавек было расстраляна з часоў незалежнасці Беларусі, аднак прыблізная колькасць – каля 400 чалавек. Кожны год у сярэднім выносіцца ад двух да чатырох смяротных прысудаў. На дадзены момант выканання прысуду чакаюць чатыры чалавека – Ігар Гершанкоў, Сямён Беражной, Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарко. Вядома, што толькі адзін асуджаны - Сяргей Праціраеў - быў памілаваны прэзідэнтам. |
Што адбываецца з целам пакаранага? Цела пакаранага родным не выдаецца, пра час прывядзення прысуду ў выкананне, а таксама месца пахавання растралянага – не паведамляецца. |
Хто выступае супраць смяротнага пакарання ў Беларусі? Кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” – праваабарончая кампанія за адмену смяротнага пакарання была заснаваная Праваабарончым цэнтрам “Вясна” і Беларускім Хельсінкскім камітэтам у 2009 годзе. Акрамя гэтага публічна асуджаюць прымянення смяротнага пакарання беларускія і замежныя пісьменнікі, спевакі, грамадскія дзеячы, палітыкі. Сярод іх Мілен Фармэр, Ганна Хітрык, Стынг, Святлана Алексіевіч, Ларын, Зміцер Вайцюшкевіч, Карэл Шварцэнберг, Ніно Катамадзэ, Лявон Вольскі, Аляксандр Памідораў, Уладзімір Някляеў, Адам Глобус ды інш. Больш за тое, Ватыкан па распараджэнні папы рымскага Францыска ўнёс змены ў Катэхізіс каталіцкай царквы, упершыню прызнаўшы смяротную кару недапушчальнай пры любых умовах. |
Якія аргументы могуць быць супраць ужывання смяротнага пакарання? На дадзены момант праваабаронцы вылучаюць шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання:
|
Якія акцыі ладзяцца? Штогод праваабаронцы арганізуюць круглыя сталы і дыскусіі, рыхтуюць аналітычныя матэрыялы і фільмы, арганізуюць ўдзел у міжнародных акцыях, а таксама распрацоўваюць і распаўсюджваюць метадычныя матэрыялы для працы з рознымі групамі па гэтым пытанні. З 5 па 10 кастрычніка адбудзецца чарговы “Тыдзень супраць смяротнага пакарання”. Сачыце за абвесткамі! |
Што я магу зрабіць для адмены смяротнага пакарання? Кожны жадаючы выступіць супраць смяротнага пакарання можа падпісаць петыцыю, а таксама далучацца да кампаніі за адмену смяротнага пакарання ў якасці валанцёраў ці удзельнічаць у разнастайных мерапрыемствах. Больш інфармацыі можна знайсці на сайце кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. |
Чытайце таксама пра Паходжанне правоў чалавека, Чалавечую годнасць, Прынцыпы правоў чалавека, Салідарнасць, Недыскрымінацыю, Абмежаванні і Свабоду ад катаванняў і Права на жыццё.
Беларускі варыянт выставы “Кожны мае права ведаць свае правы” быў адаптаваны Праваабарончым цэнтрам “Вяснам” у межах сумеснай дзейнасці Міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека праграмы “Дом Дому”.
У распрацоўнцы стэндаў выкарыстаны фотаздымкі і ілюстрацыі з конкурсаў, якія праводзіліся Усеўкраінскай асветнай праграмай “Разумеем правы чалавека”, Украінскім Хельсінкскім саюзам правоў чалавека, грамадскай арганізацыі “М’АРТ”.