Еўрапейскі парламент абвесціў кандыдатаў на атрыманне прэстыжнай праваабарончай узнагароды.
У спіс папярэдніх намінантаў трапіў Алег Сянцоў – украінскі рэжысёр, асуджаны ў Расеі на 20 гадоў турмы за «планаванне тэрактаў у Крыме».
«Amnesty International» назвала справу «несправядлівым судовым працэсам у ваенным судзе». Ён (Алег Сянцоў) стаў сімвалам прыкладна 70 украінскіх грамадзянаў, незаконна арыштаваных і асуджаных на працяглыя тэрміны турэмнага зняволення расейскімі акупацыйнымі сіламі на Крымскім паўвостраве», – адзначаецца на сайце Еўрапарламенту.
Іншыя намінанты:
- НДА, якія абараняюць правы чалавека і захаванне жыцця мігрантаў на Міжземным моры.
- Сейран Атэш – нямецкая юрыстка турэцкага паходжання, якая змагаецца з палітычным і рэлігійным экстрэмізмам і прыгнётам жанчын.
- Caesar. Гэта кодавае імя былога сірыйскага вайсковага фатографа, які кантрабандным шляхам перадаў больш за 55 тыс. фотаздымкаў, што выкрывалі ваенныя зверствы.
- Назер Зефзафі (Nasser Zefzafi) – лідар пратэставага мараканскага руху «Хірак» («Hirak»), што разгарнуўся ў рэгіёне Рыф і ў горадзе Аль-Хосейма. Рух змагаецца з карупцыяй, прыгнётам і злоўжываннем уладай. У траўні 2017 года Зефзафі прысудзілі да 20 гадоў зняволення за «змову супраць бяспекі дзяржавы».
- Дэуэйн Джонсан – амерыканец, які выйграў позву супраць карпарацыі «Montsanto» і змог давесці, што ягоны дыягназ – рак крыві – быў выкліканы гербіцыдам «Раундал», які вырабляе кампанія.
- «AfriForum» – НДА, якая сваёй мэтай ставіць абарону правоў меншасцяў у Паўднёвай Афрыцы, асаблівую ўвагу надае правам афрыканераў (нашчадкаў каланістаў галандскага, нямецкага і французскага паходжання).
- Мэры Вагнэр – канадская актывістка, якая змагаецца супраць спаронаў. Яе некалькі разоў арыштоўвалі і абвінавачвалі ў тым, што яна перашкаджае справам клінікі спаронаў у Таронта.
Прэмію «За свабоду думкі», якую назвалі ў гонар савецкага фізіка і праваабаронцы Андрэя Сахарава, Еўрапарламент заснаваў у 1988 годзе. Двойчы прадстаўнікі Беларусі атрымоўвалі гэтую прэмію - БАЖ у 2004 годзе і Аляксандр Мілінкевіч у 2006 годзе.
Крыніца: Еўрапарламент абвесціў намінантаў на прэмію Сахарава-2018