Алена Маслюкова. Фота - ПЦ "Вясна" 20 верасня праваабаронцу са Светлагорска Алену Маслюкову выклікалі ў мясцовы РАУС у якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс па артыкуле 23.34 КаАП (удзел ці арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства).

Прычына такой цікавасці праваахоўных органаў да праваабаронцы – яе ўдзел у мерапрыемстве супраць працы ў горадзе завода па вытворчасці беленай цэлюлозы, які адбыўся ў суботу 15 верасня. І хоць улады на гэты дзень запланавалі іншае мерапрыемства, людзі ўсё роўна сабраліся на цэнтральнай плошчы і правялі запланаваны флэшмоб супраць смярдзючых выкідаў з кітайскага заводу.

У РАУС на Алену Маслюкову склалі пратакол па ч1. артыкула 23.34. Праваабаронца з ім не пагадзілася, бо не лічыць флэш-моб масавым мерапрыемствам.

Нагадаем, што напярэдадні мерапрыемства Алену Маслюкову выклікаў на размову пракурор раёна А. Яўсеенка і папярэдзіў аб адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, палічыўшы, што Маслюкова можа быць арганізатарам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Акрамя Алены позву ў светлагорскую міліцыю паводле артыкулу за несанкцыянаваны мітынг атрымаў грамадзкі актывіст Анатоль Змітровіч. на яго атксама быў складзены пратакол па артыкуле 23.34 КаАП.

Крыніца: Светлагорская праваабаронца атрымала пратакол па арт. 23.34 КаАП