Выстава "Лісты палітвязняў: ў 1996 года да нашых дзён". Фота: mspring.online Праваабаронца Паліна Сцепаненка прэзентавала сваю выставу ў цэнтры “Кола” разам з былым палітвязнем Яўгенам Васьковічам.

18 верасня ў грамадскім цэнтры “Кола” на адкрыццё выставы “Лісты палітвязняў: ад 1996 года да нашых дзён” прыйшло каля трыццаці магілёўцаў. Яе ўкладальніца, праваабаронца Паліна Сцепаненка распавяла сайту mspring.online, што ідэя выставы нарадзілася як адказ на спробу ўладаў перапісаць нацыянальнай памяці:

– У нашай дзяржаве з 1994 года імкнуцца ўсталяваць манаполію на нацыянальную памяць. Інакш пішуцца падручнікі, нейкія факты заціраюцца, у тым ліку і гісторыя палітзняволеных. Таму мы вырашылі, што пакуль яшчэ мы пры памяці, трэба абавязкова захаваць гэтыя лісты, гэтую гісторыю супраціву аўтарытарнай дзяржаве.

Па словах Сцепаненкі, у падрыхтоўцы экспазіцыі ёй дапамог праваабарончы цэнтр “Вясна” і ягоны кіраўнік Алесь Бяляцкі. Ён таксама павінен быў прыехаць у Магілёў, аднак па працоўных прычынах не змог гэтага зрабіць.

 Была гісторыя з тым жа Бяляцкім. Я хадзіла да нашых былых калегаў у музей імя Багдановіча, дзе мы калісьці працавалі, прасіла напісаць іх і падтрымаць лістамі Алеся. А ў адказ чула, што ў іх дзеці, свае праблемы і яны баяцца гэта рабіць. Затое вусна перадавалі праз мяне прывітанне і ўсялякую падтрымку. Так што напісаць у Беларусі ліст палітвязьню – гэта ўчынак.

Сцепаненка распавяла, што з 1996 года за кратамі ў якасці палітвязняў пабывала каля двухсот чалавек.

– Зараз у нас 1450 ці 1453 лісты. Зразумела, што ў невялікую выставу ты ўсё не зможаш змясціць. Аднак мы стараемся, гэта наш ўклад у гісторыю, – адзначыла Сцепаненка.

Выстава

Падчас мерапрыемства магілёўскі праваабаронца Аляксей Колчын перадаў ёй сваю частку перапіскі з ужо былым палітвязнем Яўгенам Васьковічамякі распавёў прысутным падрабязнасці сваёй справы.

У траўні 2011 года яго разам з Арцёмам Пракапенкай і Паўлам Сырамолатавым асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за спробу падпалу будынка бабруйскага КДБ (у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумессю) у ноч на 17 кастрычніка 2010 года.

На думку Васьковіча, без пісьмовай падтрымкі звонку палітвязням даводзілася б цяжка:

– Калі прыходзіць шмат паштовак і лістоў падтрымкі, на цябе глядзяць інакш і адміністрацыя, і людзі, якія сядзяць па звычайных крымінальных артыкулах. Асабліва эфектныя і эфектыўныя лісты з-замяжы, – распавёў Васьковіч. Ён заклікаў актыўна перапісвацца з тымі, хто апынуўся ў зняволенні па палітычных прычынах.

На сённяшні дзень у Магілёўскай вобласці ўтрымліваюцца адразу двое палітвязняў – актывіст Дзмітрый Паліенка (папраўчая калонія №2 у Бабруйску) і праваабаронца Міхаіл Жамчужны (папраўчая калонія №17 у Горках).

Выстава прабудзе ў Магілёве некалькі дзён.

Крыніца: Магілёву паказалі лісты палітвязняў ад 1996 года