Як паведамляе TUT.BY, міжнародныя прафсаюзы накіравалі ліст вярхоўнаму прадстаўніку Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні ў сувязі са «справай РЭП». Ліст размешчаны на сайце Еўрапейскага прафсаюза IndustriALL. У ім прафсаюзы прызнаюць нядаўна асуджаных кіраўнікоў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комлік палітвязнямі і просяць аказаць ўплыў на беларускія ўлады з мэтай перагледзець рашэнне суда і апраўдаць асуджаных.
Ліст да Магерыні, акрамя Еўрапейскага прафсаюза IndustriALL, падпісалі кіраўнікі Глабальнай федэрацыі прафсаюзаў, Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (МКП), Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў (ЕКП) і Еўрапейскага прафсаюза IndustriALL.
«Судовы працэс працягваўся 13 дзён. Мы хочам паведаміць вам, што на працягу ўсяго суда, па словах адвакатаў і назіральнікаў ад IndustriALL, а таксама іншых сведкаў судовага працэсу, у справе не было прадстаўлена ніякіх дакладных або законна атрыманых доказаў. Тым не менш суд Савецкага раёна Мінска прызнаў Фядыніча і Комліка вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і прысудзіў іх да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу з забаронай на працягу пяці гадоў займаць кіруючыя пасады. Яны таксама павінны заплаціць штраф у 47.560 рублёў».
IndustriALL, ITUC, industriAll Europe і ETUC рашуча асуджаюць гэтае рашэнне суда, якое, на іх думку, было палітычна матываванае.
«Мы лічым, што судовае рашэнне накіравана аказаць ціск на кіраўніцтва прафсаюза, каб падарваць дзейнасць прафсаюза і прадухіліць яго актыўны ўдзел у жыцці грамадства. Такім чынам, прысуд, вынесены судом супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, з'яўляецца парушэннем правоў чалавека і свабоды асацыяцыі, парушэннем нацыянальнага заканадаўства і Міжнародных абавязацельстваў Беларусі», - гаворыцца ў лісце.
Акрамя таго, IndustriALL, ITUC, IndustriAll Europe і ETUC лічаць непрымальным, што падчас судовага працэсу пастаянна рабіліся спасылкі на супрацоўніцтва прафсаюзаРЭП з замежнымі і міжнароднымі прафсаюзамі. Пракуроры прадставілі гэты факт, і суддзя прыняў яго пад увагу ў якасці дадатковага доказа віны кіраўнікоў прафсаюзаў.
«Пакуль прысуд застаецца ў сіле і ў святле суровага абмежавання волі, якое негатыўна адаб'ецца на нармальных умовах працы і жыцця абодвух лідэраў, мы лічым Фядыніча і Комліка палітычнымі вязьнямі. Наяўнасць у краіне палітычных зняволеных з'яўляецца абуральным парушэннем нядаўняга абавязацельства Беларусі ў адносінах да Еўрапейскага саюза. Таму мы настойліва заклікаем вас падняць пытанне аб палітычных зняволеных у Беларусі, а таксама заклікаць Еўрапейскі саюз падтрымаць наша патрабаванне аб пераглядзе прысуду і поўнага і безумоўнага апраўдання Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка», - просяць аўтары ліста.
Нагадаем, кіраўнікоў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК). Пракурор папрасіла для іх па 5 гадоў хатняй "хіміі".
Паводле дадзеных следства, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар прафсаюза Ігар Комлік незаконна адкрылі рахунак у банку Літвы, куды ў 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі паступілі грашовыя сродкі ў замежнай валюце - 140 тысяч еўра і 18 тысяч даляраў. У далейшым гэтыя грошы ў доларах і еўра здымаліся з рахунку Комлікам і дастаўляліся членамі прафсаюза на тэрыторыю Беларусі, дзе вярталіся Комліку і Фядынічу. У выніку чаго Фядыніч і Комлік не заплацілі падаткаў на суму 22 тысячы рублёў з улікам дэнамінацыі.
Крыніца: Міжнародныя прафсаюзы - Магерыні: Мы лічым Фядыніча і Комлік палітычнымі вязнямі