Мерапрыемства "Беларусь: рэпрэсіі за фасадам "лібералізацыі” пройдзе 13 верасня ў Варшаве ў рамках штогадовай канферэнцыі па чалавечым вымярэнні АБСЕ, піша Радыё Рацыя. Яго арганізатарам выступае фонд "Беларускі дом”. Як паведаміў БелаПАН сустаршыня фонду Уладзімір Кобец, удзельнікамі дыскусіі будуць беларускі і замежныя эксперты. Сярод запрошаных — старшыня закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна” Алесь Бяляцкі, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, заслужаны прафесар універсітэта Альберты (Канада) Дэвід Марплз, прэзідэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасці Мацей Фалькоўскі, член праўлення Усходне-Еўрапейскага дэмакратычнага цэнтра Павал Казанэцкі.
Мадэратарам выступіць галоўны рэдактар вэб-сайта польскай Gazeta Wyborcza Раман Імельскі.
"Урад Беларусі імітуе лібералізацыю, а за праеўрапейскім фасадам працягваюцца рэпрэсіі, — гаворыцца ў анонсе мерапрыемства. — У спробе прымусіць замаўчаць крытычныя галасы рэжым пачаў самую магутную атаку на незалежныя СМІ і журналістаў з 2000 года. Найбольш прыкметнымі з’яўляюцца крымінальныя справы супраць журналістаў БелаПАН і tut.by. Дзеянні па запалохванні ўключаюць у сябе забароны на паездкі журналістаў гэтых СМІ за мяжу”.
Арганізатары мерапрыемства таксама падкрэсліваюць, што ў Беларусі значна ўзрасла колькасць штрафаў у дачыненні да журналістаў-фрылансараў.
Кобец адзначыў, што да ўдзелу ў дыскусіі запрашалі непасрэдных фігурантаў "справы БелТА”.
"Аднак, як вядома, 27 жніўня ў дачыненні да іх следства прымяніла санкцыю, якая забараняе пакідаць Беларусь", — сказаў ён.
Яшчэ адной тэмай сайд-івэнту стане сітуацыя з прафсаюзам РЭП, лідары якога Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік былі прыгавораныя да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і без канфіскацыі маёмасці. Суд таксама пастанавіў спагнаць з Фядыніча і Комліка больш за 47 тыс. рублёў у даход дзяржавы. Прафсаюзныя лідары прызнаныя вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК). Паводле версіі следства, у 2011 годзе яны парушылі заканадаўства аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі, а таксама дэкрэт аб атрыманні і выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі.
"Незалежны прафсаюз і яго лідары таксама зведалі атаку, паўсталі перад судом па фіктыўных абвінавачаннях і былі асуджаны за злачынствы, якія яны ніколі не ўчынялі, — гаворыцца ў анонсе мерапрыемства. — Атакі на апошнія незалежныя СМІ і прафсаюзных лідараў эксперты разглядаюць як падрыхтоўку да прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, якія маюць адбыцца праз год. Спробы ўрада па дэзінфекцыі палітычнага і сацыяльнага асяроддзя ставяць пад пагрозу далейшае развіццё Беларусі і яе існаванне як незалежнай дзяржавы".
Штогадовая канферэнцыя па чалавечым вымярэнні АБСЕ пройдзе ў Варшаве з 10 па 21 верасня. Гэта найбуйнейшае агульнаеўрапейскае мерапрыемства па правах чалавека, на якім службовыя асобы дзяржаўных ведамстваў, міжнародныя эксперты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і праваабаронцы падводзяць вынікі выканання ўзятых на сябе дзяржавамі — удзельнікамі АБСЕ абавязацельстваў у галіне чалавечага вымярэння. На працягу двух тыдняў удзельнікі абмяркоўваюць становішча спраў у галінах, якія тычацца дэмакратыі, правоў чалавека і асноўных свабодаў.
Крыніца: Рэпрэсіі ў дачыненні да беларускіх СМІ абмяркуюць у Варшаве