Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (партнёрства FIDH-OMCT) 30 жніўня прадставіла справаздачу аб назіранні за судом па "справе прафсаюзаў".
«Прысуд лідарам незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў з'яўляецца палітычна матываваным, а судовы разгляд быў азмрочаны працэсуальнымі парушэннямі», — да такой высновы прыйшла Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў у апублікаванай справаздачы. «Прысуд павінен быць адменены ў ходзе апеляцыі».
Два незалежных прафсаюзных лідара, сп. Генадзь Фядыніч і сп. Ігар Комлік, адпаведна старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюза РЭП, былі прызнаныя вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у сувязі з тым, што яны, нібыта, атрымалі да 140 000 еўра на замежны банкаўскі рахунак у Літве, знялі дадзеныя сродкі і пераправілі наяўныя назад у Беларусь з дапамогай сваіх калегаў, а таксама ў сувязі з тым, што яны не задэкларавалі атрыманне дадзеных сродкаў у якасці даходу, што прывяло да нявыплаты падатку ў памеры 22 867 рублёў (каля 9 790 еўра). Рашэнне было вынесена 24 жніўня 2018 г. Падсудныя прысуджаныя да чатырох гадоў абмежавання волі без турэмнага зняволення, пяці гадоў забароны на займанне кіруючых пасад і штрафу ў памеры 47 560 беларускіх рублёў (прыблізна 19 950 еўра).
Юрыст Ілля Нузаў, кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў FIDH, быў ўпаўнаважаны Абсерваторыяй для правядзення місіі назірання за судовым разглядам у судзе Савецкага раёна. Задача назіральніка заключалася ў ацэнцы справядлівасці судовага разбору ў святле нормаў міжнароднага права, абавязковых для выканання Беларуссю. Судовае назіранне выявіла сур'ёзныя парушэнні ў правядзенні дасудовага расследавання і судовага працэсу. У ходзе судовага разбіральніцтва некалькі сведак заявілі, што іх дасудовыя паказанні былі атрыманы шляхам пагроз, запалохвання і іншага ціску з боку супрацоўнікаў ДФР на этапе дазнання. Больш за тое, абвінавачванне было заснавана на сумнеўных доказах. Усе гэтыя факты ў значнай ступені ўплываюць на законнасць і дакладнасць такіх доказаў, а таксама на здольнасць сп. Комліка і сп. Фядыніча падрыхтаваць адэкватную абарону.
Акрамя таго, судовы працэс прайшоў у неспрыяльнай атмасферы. Вынясенне прысуду 24 жніўня суправаджалася рэпрэсіямі ў дачыненні да актывістаў, якія прыйшлі падтрымаць лідараў прафсаюза. Улады затрымалі 11 актывістаў за правядзенне публічнай акцыі ў падтрымку лідараў РЭП каля будынку суда. Сярод іх былі сп. Алесь Абрамовіч, сп. Мая Навумава, палітык Мікалай Статкевіч і сп. Тамара Зайцава. 10 актывістаў правялі выходныя ў зняволенні, а праз тры дні большасць з іх былі асуджаныя за парушэнне артыкула 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса, які рэгулюе парадак арганізацыі або правядзення публічнага сходу або маніфестацыі.
Справа "Беларусь супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка". Справаздача Абсерваторыі аб назіранні за судом
Файлы
- bel_daklad.pdf (0.78 Mb)