Сябра сацыял-дэмакратычнай партыі Сяргей Кунцэвіч і мастак-дызайнер Андрэй Бяляўскі вызваленыя са следчых ізалятараў пад падпіску аб нявыездзе.
Абодва выйшлі на свабоду 2 чэрвеня: Сяргей Кунцэвіч - з СІЗА-1, Андрэй Бяляўскі - з СІЗА КДБ.
Дагэтуль Кунцэвіч быў адзіным зняволеным фігурантам справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, якому не прад’яўлялася дадатковае абвінавачанне, звязанае са стварэннем узброенага фармавання. Пасля вызвалення ў інтэрв’ю Свабодзе актывіст распавёў, што ў СІЗА КДБ (там ён прабыў першыя два тыдні пасля затрымання) падвяргаўся катаванням электрашокерам - так у яго спрабавалі даведацца месцазнаходжанне Мікалая Статкевіча.
— У СІЗА КДБ некалькі дзён я трымаў галадоўку. Мяне шантажавалі, пагражалі фізічнай расправай. Быў фізічны ціск, заломвалі рукі. Было падозранне на страсенне мозгу, але доктара не выклікалі. Пасля мяне перавялі ў турму на Валадарскага, - дадаў ён.
Такім чынам, пад вартай застаюцца 14 чалавек, якія праходзяць па абедзьвюх крымінальных справах, узбуджаных па частцы 3 артыкула 293 КК і артыкуле 287 КК.
Крыніца: Яшчэ два фігуранты справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” на свабодзе