Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
- у месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка. Адміністрацыя прэзідэнта адмовіла ў памілаванні М. Жамчужнага, праігнараваўшы такім чынам зварот прадстаўнікоў праваабарончай супольнасці краіны;
- 24 жніўня ў дачыненні да актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вынесены абвінаваўчы прысуд на падставе ч. 2 арт. 243 КК Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Лідары прафсаюза прысуджаныя да абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу тэрмінам на 4 гады без канфіскацыі маёмасці і з забаронай займаць кіруючыя пасады на працягу 5 гадоў. Нацыянальныя і міжнародныя праваабарончыя і прафсаюзныя арганізацыі заклікалі ўлады Беларусі адмяніць вынесены прысуд і спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы;
- 7 жніўня Следчы камітэт Беларусі заявіў аб узбуджэнні крымінальнай справы па ч. 2 арт. 349 КК Рэспублікі Беларусь (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, зроблены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды) у дачыненні да журналістаў і рэдактараў шэрагу інфармацыйных інтэрнэт рэсурсаў. У гэты ж дзень па месцы жыхарства журналістаў і ў рэдакцыях СМІ, сярод якіх вядучы інфармацыйны партал TUT.BY і незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, былі праведзеныя ператрусы. Былі затрыманыя не менш за дзевяць журналістаў, сямёра з якіх былі змешчаны ў ІЧУ на трое сутак у якасці падазраваных. Відавочна рэпрэсіўныя і непрапарцыйныя дзеянні ўладаў выклікалі вялікі грамадскі рэзананс, у тым ліку і за межамі Беларусі;
- на працягу месяца былі зафіксаваныя шматлікія факты ціску на незалежных журналістаў-фрылансераў і блогераў, факты затрыманняў і адміністрацыйных арыштаў удзельнікаў мірных сходаў;
- на працягу месяца, такім чынам, назіралася істотнае пагаршэнне сытуацыі з правамі чалавека ў краіне.
На працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітвязень Дзмітрый Паліенка і Міхаіл Жамчужны.
У Адміністрацыі прэзідэнта разгледзелі зварот шэрагу грамадскіх аб'яднанняў аб памілаванні палітвязня Міхаіла Жамчужнага, адзначыўшы, што пытанне памілавання асуджанага М. Жамчужнага можа быць разгледжана толькі па яго асабістым хадайніцтве. Улічваючы прававую практыку вызвалення палітвязняў шляхам іх памілавання прэзідэнтам краіны без наяўнасці якіх-небудзь персанальных хадайніцтваў, дадзены адказ сведчыць пра нежаданне Адміністрацыі прэзідэнта вызваляць палітвязня.
Між тым, ціск на палітвязня працягваецца: да папярэдніх спагнанняў дадаліся новыя: 10 сутак у штрафным ізалятары (ШІЗА) 31 чэрвеня, 10 сутак — 10 жнiўня; і зноў 10 сутак — 20 жніўня. Такім чынам, палітвязень амаль бесперапынна працягвае знаходзіцца ў ШІЗА. Усяго за апошні год адміністрацыяй горацкай калоніі на Жамчужнага накладзена 35 спагнанняў.
7 жніўня Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь распаўсюдзіў інфармацыю аб узбуджэнні крымінальнай справы па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, зроблены з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці, або групай асоб па папярэдняй змове, альбо асобай, якая мае доступ да камп’ютарнай сістэмы або сеткі). Паведамлялася таксама пра затрыманне журналістаў Марыны Золатавай, Ганны Калтыгінай, Галіны Уласік, Ульяны Бабаед (Tut.by) і Таццяны Каравянковай (БелаПАН), рэдактара фінансавага аддзела TUT.BY Дзмітрыя Бобрыка (адпушчаны 7 жніўня), рэдактаркі навукова-папулярнага аддзела TUT.BY Ганны Ермачонак, выпускаючага рэдактара БелаПАН Андрэя Серады (адпушчаны 7 жніўня), былога рэдактара БелаПАН Яўгена Беразюка (адпушчаная 7 жніўня). Паводле інфармацыі на 8 жніўня, затрыманы таксама Паўлюк Быкоўскі (“Нямецкая хваля”), журналіст Аляксей Жукаў (раней газета “Беларусы і рынак”, часопіс “Беларуская сельская гаспадарка”) і чацвёра супрацоўнікаў партала аб нерухомасці Realt.by: Ігар Хмара, Марыя Сарока, Алена Маслоўская і Уладзіслаў Кулецкі.
Усяго за два дні былі затрыманыя 9 журналістаў розных інфармацыйных выданняў і рэсурсаў, а ў рэдакцыях вядучых незалежных інфармацыйных парталаў і па месцы жыхарства журналістаў былі праведзены ператрусы. Сямёра журналістаў былі затрыманыя на трое сутак у якасці падазраваных па ўзбуджанай крымінальнай справе і змешчаны ў ІЧУ.
На працягу трох сутак усе затрыманыя былі вызваленыя. Марыне Золатавай прад'яўленае абвінавачванне ў бяздзейнасці службовай асобы. Восем журналістаў на дадзены момант знаходзяцца ў статусе падазраваных; з імі праводзяцца следчыя дзеянні. Падазраваным з 27 жніўня абмежавана права выезду з Рэспублікі Беларусь.
Скаргу на незаконнае і неабгрунтаванае затрыманне медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага суд разгледзеў у закрытым пасяджэнні і адхіліў.
Відавочна рэпрэсіўныя і непрапарцыйныя дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да незалежных СМІ і журналістаў выклікалі значны грамадскі рэзананс і пратэсты з боку як нацыянальных, так і міжнародных журналісцкіх і праваабарончых арганізацый.
У сувязі дадзенымі падзеямі ПЦ “Вясна” і БАЖ таксама выступілі з сумеснай заявай, у якой назвалі тое, што адбываецца, грубым парушэннем свабоды выказвання меркаванняў і дзейнасці СМІ. Сумесны зварот праваабарончых арганізацый Беларусі быў накіраваны спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Дэвіда Кае і Прадстаўніку АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлему Дэзірэ.
24 жніўня ў дачыненні да Генадзя Фядыніча, старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, і Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза, вынесены абвінаваўчы прысуд на падставе ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае адказнасць за ўхіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры. Лідары прафсаюза прысуджаныя да абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу тэрмінам на 4 гады без канфіскацыі маёмасці і з забаронай займаць кіруючыя пасады на працягу 5 гадоў.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі заклікалі ўлады да перагляду вынесенага прысуду і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да лідараў незалежнага прафсаюзу. З аналагічнымі заявамі выступіў і шэраг міжнародных праваабарончых і прафсаюзных арганізацый.
Смяротнае пакаранне
Камітэт па правах чалавека ААН устанавіў парушэнне права на жыццё асуджанага судом да смяротнага пакарання жыхара Гомеля Аляксандра Грунова. Адмова беларускага ўрада выдаць цела маці — Вольгі Груновай — для пахавання эксперты ААН расцанілі як бесчалавечнае абыходжанне.
Варта нагадаць, што гэта не першае меркаванне КПЧ ААН, якое вызначыла парушэнне Рэспублікай Беларусь права на жыццё. На дадзены момант у чаканні растрэлу ў СІЗА № 1 у г. Мінску знаходзяцца чатыры чалавекі, асуджаныя на смерць, чые прысуды ўступілі ў законную сілу.
Адзін з асуджаных — Ігар Гершанкоў — аб’яўляў галадоўку ў сувязі з тым, што некаторыя з яго паштовых адпраўленняў не траплялі да адрасатаў. Скаргі і звароты маці асуджанага на смяротнае пакаранне, а таксама шырокі інфармацыйны рэзананс паўплывалі на сітуацыю з перапіскай Гершанкова з роднымі і камунікацыю з дзяржаўнымі ўстановамі. Адначасова стала вядома, што магілёўская пракуратура, якая праводзіла праверку па скарзе на збіццё і катаванні падчас следства, парушэнняў і факту збіцця, нягледзячы на наяўныя доказы, не ўстанавіла.
Свабода мірных сходаў і выказвання меркаванняў
Па-ранейшаму жорсткім рэпрэсіям падвяргаюцца ўдзельнікі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў мірнага характару. Варта адзначыць, што беларускае заканадаўства ніяк асобна не рэгулюе так званыя спантанныя мірныя сходы, падставы для якіх загадзя, ва ўстаноўлены законам аб масавых мерапрыемствах тэрмін, не вядомыя.
Так, пасля абвяшчэння прысуду па справе лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка ля будынка Дома правасуддзя, дзе праходзіў працэс, грамадскія актывісты правялі пікет у падтрымку незалежнага прафсаюза. Яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, сцяг прафсаюза РЭП і “Еўрапейскай Беларусі”. Прыкладна праз 10 хвілін усе актыўныя ўдзельнікі акцыі — 11 чалавек — былі затрыманыя. Пасля трох сутак знаходжання ў ізалятары яны былі ў адміністрацыйным парадку пакараныя буйнымі штрафамі ад 25 да 50 базавых велічынь.
Працягваецца супрацьстаянне дэмакратычных актывістаў і ўладальнікаў забаўляльнага комплексу, які размясціўся ў непасрэднай блізкасці ад месца масавых расстрэлаў ва ўрочышчы Курапаты. Па-ранейшаму ўлады захоўваюць добразычлівае ці нейтральнае стаўленне да асобаў, якія маюць дачыненне да дзейнасці комплексу, і яго наведвальнікаў, нягледзячы на адкрыта правакацыйныя і супрацьпраўныя паводзіны некаторых з іх. Адначасова падвяргаюцца затрыманням і штрафам абаронцы месца нацыянальнай памяці.
2 жніўня суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Яўген Шаршнёў аштрафаваў гомельскага абаронцу Курапатаў Барыса Анікеева за ўдзел у пікетаванні сумна вядомага рэстарана “Поедем, поедим”.
3 жніўня суддзя Ігар Сідарок вынес пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці актывісткі Маі Навумавай і наклаў на яе штраф у памеры 20 базавых велічынь.
За ўдзел у прэс-канферэнцыі каля брамы рэстарана суддзя Вікторыя Шабуня 2 жніўня аштрафавала палітыка Анатоля Лябедзьку на 50 базавых велічынь па ч. 3 арт. 23.34 КаАП за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства.
За абарону Курапатаў у судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска палітык Павел Севярынец асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Раней такое ж спагнанне атрымаў актывіст Максім Вінярскі.
Суд Савецкага раёна Мінска пачаў разгляд пазову бізнэсоўца Аркадзя Ізраілевіча да газеты “Новы Час” і аўтара артыкулаў аб будаўніцтве ў Курапатах рэстараннага комплексу “Поедем, поедим” Дзяніса Івашына. Бізнесмен лічыць, што “Новы Час” змясціў некалькі матэрыялаў, у якіх сцвярджаецца, што яго фірмы з'яўляюцца рэальнымі бенефіцыярамі рэстаранна-забаўляльнага комплексу ў мемарыяльнай зоне Курапатаў. Пазоўнік патрабуе апублікаваць на старонках газеты абвяржэнне звестак аб яго ўдзеле ў будаўніцтве рэстарана і спагнаць з газеты маральную шкоду ў памеры 40 тысяч рублёў, а з Дзяніса Івашына — 1 000 рублёў. Варта мець на ўвазе, што неабгрунтаванае і незаконнае задавальненне такога пазову паставіць пад пагрозу існаванне аднаго з нешматлікіх незалежных выданняў.
Свабода распаўсюду інфармацыі. Пераслед журналістаў
Працягваецца пераслед журналістаў, якія супрацоўнічаюць са СМІ без акрэдытацыі.
Яўген Скрабец, які супрацоўнічае з Беларускім “Радыё Рацыя”, 15 жніўня аштрафаваны на 20 базавых велічынь у Лунінцы за так званы “незаконны выраб і (або) распаўсюджванне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”. Так расцэнены матэрыял, падрыхтаваны па выніках прэс-тура, арганізаванага лунінецкім філіялам ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
У Бярозе суддзі Алена Нямкова і Наталля Мінчанка буйнымі штрафамі пакаралі журналістку Тамару Шчапёткіну за падрыхтаваныя матэрыялы, апублікаваныя ў інтэрнэце і на “Радыё Рацыя”. Усяго на журналістку за яе прафесійную дзейнасць накладзена 16 штрафаў.
У Мінску за стрым з пікета абаронцаў Курапатаў штрафамі па 40 базавых велічынь суддзя Іван Касцян пакараў Кацярыну Андрэеву і Сяргея Кавалёва.
У Брэсце працягваюць разгортвацца падзеі вакол крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага ў рэгіёне блогера Сяргея Пятрухіна. 30 верасня раніцай да яго ў кватэру, выламаўшы дзверы, уварваліся супрацоўнікі міліцыі ў масках. У выніку блогеру, які не аказваў супраціў, нанесены цялесныя пашкоджанні. Падрабязнасці затрымання апублікаваў сайт “Брэсцкая Вясна”.
Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2018