Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), выступіла з заклікам тэрміновага ўмяшальніцтва ў сітуацыю з паўторным арыштам і адвольным затрыманнем сябры праўлення Беларускага Хельсінкскага Камітэта Паўла Левінава.
Апісанне сітуацыі:
Абсерваторыя была праінфармаваная з вартых даверу крыніцаў аб паўторным затрыманні і адвольным арышце Паўла Левінава, праваабаронцы і сябры праўлення Беларускага Хельсінкскага камітэта.
Паводле атрыманай інфармацыі, вечарам 30 траўня 2017 года супрацоўнікі міліцыі затрымалі Паўла Левінава ў Віцебску і змясцілі яго ў ізалятар часовага ўтрыманьня. 17 красавіка 2017 года суддзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Іна Грабоўская асудзіла яго да 15 сутак адміністрацыйнага арышту ў адпаведнасці з артыкулам 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту 2 і 26 сакавіка 2017 года (гл. Даведкавую інфармацыю). Рашэнне ў дачыненні да Паўла Левінава было вынесена завочна, паколькі ён у гэты час праходзіў курс лячэння за межамі Беларусі.
5 траўня, пасля вяртання ў Беларусь, Павел Левінаў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, аднак 10 траўня ён быў шпіталізаваны з-за высокага крывянога ціску, а затым перанёс аперацыю і быў канчаткова выпісаны з лякарні.
Абсерваторыя выказвае глыбокую занепакоенасць у сувязі з асуджэннем і затрыманнем Паўла Левінава, паколькі яны, як уяўляецца, звязаныя з яго дзейнасцю ў галіне правоў чалавека. Асабліва адзначым, што Левінаў фіксаваў парушэнні і адвольныя затрыманні, якія адбыліся ў сакавіку 2017 года ў ходзе мірных акцый пратэсту супраць прэзыдэнцкага ўказу № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» (гл. Даведкавую інфармацыю).
Зыходзячы з гэтага, Абсерваторыя заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць спадара Паўла Левінава і спыніць усе формы пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, у дачыненні да яго.
Зыходная інфармацыя:
З пачатку сакавіка 2017 года ва ўсёй краіне прайшлі мірныя акцыі пратэсту супраць указу прэзідэнта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», які ў парушэнне міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека прадугледжвае адказнасць за адсутнасць занятасці шляхам увядзення пакарання ў выглядзе штрафу і магчымага арышту грамадзян, якія прапрацавалі менш пэўнай колькасці дзён.
Адказам на мірныя акцыі пратэсту сталі масавыя рэпрэсіі, сотні дэманстрантаў былі затрыманыя міліцыяй [1].
Беларускімі ўладамі былі затрыманыя некалькі праваабаронцаў, якія былі асуджаныя ў адпаведнасці з артыкулам 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за «ўдзел у несанкцыянаванай мірнай акцыі» ў адплату за іх законную дзейнасць па назіранні за масавымі парушэннямі і адвольнымі затрыманнямі мірных дэманстрантаў [2].
Сярод іх - Павел Левінаў, які быў затрыманы 26 сакавіка 2017 году за ўдзел у якасці назіральніка ў акцыях пратэсту, праведзеных у Віцебску 25 і 26 сакавіка. Падчас затрымання з-за праблем з сэрцам у яго падняўся крывяны ціск, што прывяло да гіпертанічнага крызу.
Патрабаваныя дзеянні:
Калі ласка, напішыце ў органы ўлады Беларусі, заклікаючы іх:
- Неадкладна і безумоўна вызваліць спадара Паўла Левінава;
- Спыніць усе формы пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, у дачыненні да Паўла Левінава, а таксама ўсіх праваабаронцаў у Беларусі;
- Гарантаваць пры любых абставінах фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць Паўла Левінава, а таксама ўсіх праваабаронцаў у Беларусі;
- Выконваць усе палажэнні Дэкларацыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб праваабаронцах, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН 9 снежня 1998 году, у прыватнасці артыкулаў 1, 2, 5 і 12.2;
- Гарантаваць пры любых абставінах выкананне правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і міжнароднымі дакументамі, ратыфікаванымі Беларуссю.
Парыж-Жэнева, 2 чэрвеня 2017 года
[1] Гл. Прэс-рэліз FIDH «Рэпрэсіі ў Беларусі: больш за 200 арыштаваных і затрыманых за два тыдні» ад 17 сакавіка 2017 года.
[2] Гл. Прэс-рэліз Абсерваторыі ад 29 сакавіка 2017 года.
Крыніца: Абсерваторыя асуджае паўторны арышт і адвольнае затрыманне Паўла Левінава