Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што ціск на палітвязня Міхаіла Жамчужнага з боку адміністрацыі папраўчай калоніі №9 не спыняецца. Да папярэдніх спагнанняў у дачыненні да палітвязня дадаліся наступныя: 10 сутак ШІЗА ад 31 чэрвеня; 10 сутак – ад 10 жніўня; і зноў 10 сутак – 20 жніўня.
Такім чынам, палітвязень амаль бесперапынна працягвае знаходзіцца ў ШІЗА. Гэта 35-е спагнанне, вынесенае Жамчужнаму адміністрацыяй Горацкай калоніі са жніўня 2017 года.
Адпаведна ў яго прысутнічаюць праблемы праблема з атрыманнем і адпраўленнем карэспандэнцыі. З-за пастаяннага знаходжання ў ШІЗА ў Міхаіла Жамчужнага адсутнічае магчымасць пісаць лісты. Але падчас "перазагрузкі" (ён так называе прамежак часу паміж заканчэннем і прызначэннем чарговых сутак) яму часам аддаюць дасланыя лісты і газеты, г.зн. бывае магчымасць з імі азнаёміцца. Разлічвае, што ў верасні-кастрычніку атрымае памяшканне камернага тыпу (ПКТ), бо яму трэба адседзець не менш за 100 сутак у ШІЗА (у калоніі такая практыка) і будзе магчымасць усім адправіць лісты.
Але пры ўсім пры гэтым Жамчужны адзначае некаторыя паляпшэнні ў адносінах з адміністрацыяй. Пасля чарговага спагнання даюць паперу і ручку для напісання пісьмовых тлумачэнняў (раней бывала не давалі), даюць магчымасць напісаць і адправіць скаргу на рашэнне суда (па спагнаннях), сочаць за наяўнасцю ў яго "мыльных" прыладаў. Прадстаўляецца магчымасць рэгулярна назірацца ў медыцынскай частцы, на скаргі па стану здароўя медыцынскі персанал рэагуе своечасова. Напрыклад, адзін час у Міхаіла Жамчужнага хварэла спіна, яе вылечылі таблеткамі. У цэлым на здароўе не скардзіцца.
Тым не менш, сітуацыя са "статусам" пакуль не мяняецца. Але зняволеныя паводзяць сябе больш стрымана, многія ставяцца з разуменнем. Паўторныя звароты ў назіральную камісію не адпраўляў. Па-першае, няма магчымасці, а па-другое, хоча дачакацца ПКТ.
Палітвязень Міхаіл Жамчужны ўжо абскарджваў спагнанні, вынесеныя яму яшчэ ў лістападзе 2017 года: 10 сутак ад 1 лістапада, пяць сутак ад 11 лістапада, па 10 сутак ад 16 лістапада і 27 лістапада. Суд Горацкага раёна 20 ліпеня адмовіў у задавальненні скаргаў. Палітвязень абскарджваў гэтае рашэнне суда ў парадку касацыі, але Магілёўскі абласны суд 27 жніўня пакінуў без задавальнення скаргу на рашэнне суда.
Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся з часу пераводу ў калонію №9, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя зневажальныя ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін. Варта адзначыць, што раней агучаная інфармацыя, што атрад №13, куды спачатку спрабавалі перавесці Жамчужнага, сфармаваны цалкам з асуджаных “з нізкім статусам”, не атрымала пацверджання: у гэтым атрадзе маюцца асобныя пакоі, у якія размяшчаюцца асуджаныя “з нізкім статусам”, іх туды пераводзіць адміністрацыя. Палітвязень сапраўды адмаўляўся пераходзіць спачатку ў атрад №13, а затым і ў іншыя, аднак кожны раз абгрунтоўваў свае адмовы жаданнем захаваць сваю чалавечую годнасць і прасіў адміністрацыю прадставіць яму бяспечныя ўмовы адбыцця пакарання.
Грамадскія аб'яднанні Беларусі звярталіся ў Адміністрацыі Прэзідэнта са зваротам аб памілаванні палітвязня Міхаіла Жамчужнага. Аднак у памілаванні было адмоўлена на падставе таго, што "пытанне памілавання асуджанага Міхаіла Жамчужнага можа быць разгледжана толькі па яго асабістым хадайніцтве".
Крыніца: Жамчужны працягвае атрымліваць спагнанні ў ШІЗА, а абласны суд прызнаў гэта законным