Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч і дырэктарка Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава Ганна Герасімава з 30 траўня па 1 чэрвеня сустракаліся з дэлегатамі розных краінаў-сябраў Савета па правах чалавека ААН у Жэневе, каб праінфармаваць іх пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
Візіт быў арганізаваны Міжнароднай сеткай дамоў правоў чалавека пры супрацы Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).
14 чэрвеня пачнецца сэсія Савета ААН па правах чалавека, дзе будзе прадстаўлены даклад цяперашняга спецыяльнага дакладчыка - Міклаша Харасці, які ўжо ў чарговы раз быў раскрытыкаваны Міністэрствам замежных спраў. Пасля чаго у Савеце павінна адбыцца галасаванне па працягненню мандату спецдакладчыка ААН па Беларусі.
“Падчас сустрэч мы даводзілі сваю пазіцыю, што для краіны неабходна працягнуць мандат спецдакладчыка. Сітуацыя ў Беларусі нажаль не палепшылася, а нават значна пагоршылася на працягу сакавіка, красавіка і траўня гэтага года. І ўлады вярнуліся да больш жорсткіх формаў рэпрэсій у дачыненні да грамадзянаў”, - распавёў Валянцін Стэфановіч.
На думку праваабаронцы, мандат важны яшчэ і таму, што Беларусь знаходзіцца па-за рэгіянальнай сістэмай абароны правоў чалавека – наша краіна не ўваходзіць у Савет Еўропы. Адпаведна, адзіны міжнародны механізм, які мы можам выкарыстоўваць, - гэта ААН.
“І мы падкрэслівалі, што Беларусь вельмі селектыўна супрацоўнічае з ААН: не лічаць рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека абавязковымі для выканання дзяржавай, не прызнаюць яго працэдуры, у краіну не запрашаюць не толькі спецдакладыка, але і тэматычных дакладчыкаў. З гэтага пункту гледжання, мы лічым, што трэба заклікаць Беларусь да больш шчыльнага супрацоўніцтва ў межах сваіх міжнародных дагаварных абавязальніцтваў”, - адзначыў Валянцін Стэфановіч.
У сваю чаргу Ганна Герасімава падкрэсліла:
“Мандат спецдакладчыка ёсць фактычна адзіным інструментам міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Ён быў створаны не як сталы, а як часовы мандат ААН, які будзе скасаваны, калі ў Беларусі значна палепшыцца сітуацыя з правамі чалавека. Больш за тое, мандат ствараўся, каб дапамагчы беларускім уладам палепшыць гэтую самую сітуацыю. На жаль, сітуацыя зараз не толькі не палепшылася, але пагоршылася, і беларускія ўлады настойліва адмаўляюцца супрацоўнічаць з мандатам. Відавочна, што нам трэба прыкласці ўсе намаганні да таго, каб мандат быў працягнуты, і каб Беларусь пачала з ім супрацоўнічаць. Выйграюць ад гэтага ўсе”.
Крыніца: Праваабаронцы Беларусі заклікаюць Савет па правах чалавека ААН працягнуць мандат спецдакладыка