30 жніўня па ўсім свеце адзначаецца Дзень ахвяраў гвалтоўнага знікнення. Гэтая традыцыя пайшла яшчэ з 1980-х гадоў, а ў 2006 годзе на ўзрозне ААН была прынятая Міжнародная канвенцыя для абароны ўсіх асобаў ад гвалтоўных знікненняў. На дадзены момант Канвенцыю падпісалі 107 краін, 64 з іх яе ратыфікавалі. Але Беларусі сярод падпісантаў дагэтуль няма.

Чаму Беларусь не спяшаецца далучацца да гэтай Канвенцыі? Магчыма таму, што праблема гвалтоўных знікненняў, на жаль, не з’яўляецца далёкай для краіны тэмай. У 1999 годзе ў Беларусі бясследна зніклі экс-міністр МУС Юрый Захаранка, віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар, вядомы бізнэсмэн Анатоль Красоўскі, а ў 2000 годзе – журналіст Дзмітрый Завадскі. З тых падзей прайшло 19 гадоў, аднак за увесь гэты час следства ні на крок не прасунулася наперад, каб адказаць на галоўнае пытанне - хто стаіць за гэтымі знікненнямі? Следству нібыта не хапае доказаў, аднак хутчэй за ўсе, яму проста не хапае жадання.

Так лічыць Раіса Міхайлоўская, кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтру, які шмат гадоў курыруе гэтыя гучныя грамадска-палітычныя справы.

Раіса Міхайлоўская“Па гэтых чатырох палітычных знікненнях амаль 20 гадоў таму заведзены крымінальныя справы, але яны да канца не расследаваныя, не даведзеныя да суда, вінаватыя, якія мусяць панесці пакаранне, дагэтуль не знойдзены. Таму дакладна магу сказаць, што ўвесь гэты час следства толькі і займаецца не чым іншым, як імітацыяй расследвання”, - упэўнена Раіса Міхайлоўская.

Беларускі дакументацыйні цэнтр дапамагае сваякам зніклых дамагацца праўды пра лёс іх блізкіх. Арганізацыя збірае дакументы і іншую інфармацыю па дадзеных справах, якія захоўваюцца з базе дадзеным “Памятаем”. Намаганнямі БДЦ быў створаны дакументальны фільм “Банда”, які распавядае пра тыя падзеі 1999-2000 гадоў і які ўжо праглядзелі каля 500 тысяч чалавек па ўсім свеце. Таксама, дзякуючы дакументацыйнаму цэнтру, галасы сваякоў зніклых беларусаў былі пачутыя на міжнародным узроўні.

“У 2017 годзе КПЧ разгледзеў індывідуальны зварот маці і дачкі Юрыя Захаранкі і прызнаў, што Беларусь парушыла права зніклага палітыка на жыццё. Аналагічнае рашэнне было прынята ў 2009 годзе па справе Анатоля Красоўскага. У дадзены момант на разглядзе ў КПЧ знаходзіцца яшчэ адна скарга Ульяны Захаранкі, маці Юрыя, на парушэнне яе права на доступ да правасуддзя. На жаль, Ульяна Захаранка ў мінулым годзе пайшла з жыцця, і зараз я з’яўляюся па даверанасці прадстаўніком у гэтай справе. Зусім нядаўна мы дапамагалі жонцы Анатоля Красоўскага Ірыне  са складаннем хадатайніцтва ў Следчы камітэт па некаторых новых абставінах справы і зараз чакаем адтуль адказ”, - распавядае кіраўніца БДЦ пра прававую дапамогу сваякам зніклых.

Але ці маюць хоць нейкае значэнне для дзяржавы гэтыя рашэнні? На жаль, Беларусь не толькі не далучылася да Міжнароднай канвенцыі для абароны ўсіх асобаў ад гвалтоўных знікненняў. Акрамя гэтага дзяржава катэгарычна адмаўляецца выконваць рашэнні і рэкамендацыі КПЧ ААН і іншых міжнарожных дагаварных органаў, тым самым яскрава дэманструючы сапраўдны ўзровень сваёй гуманнасці, адзначае Міхайлоўская.

“Я бы сказала, што стаўленне краіны да сітуацыі з гвалтоўнымі знікненнямі ўласных грамадзян – гэта такі своеасаблівы тэст на гуманнасць дзяржавы і на яе прыхільнасць міжнародным стандартам.

Патрабаванні далучыцца да Канвенцыі па абароне ад гвалтоўных знікненняў гучаць пастаянна. І ад праваабаронцаў, і ад сваякоў зніклых. Напрыклад, Ірына Красоўская стварыла ў свой час ініцыятыву “Мы памятаем”, што ўваходзіць у міжнародную кааліцыю арганізацый, якія актыўна працуюць па гвалтоўных знікненнях. Але я думаю, што ў нашай краіне аднаго жадання і патрабаванняў грамадства, на вялікі жаль, мала. Патрэбна палітычная воля, і я не думаю, што ў нашых умовах, пры цяперашнім палітычным рэжыме магчыма далучэнне да гэтай Канвенцыі”.

Трэба адзначыць, што тэма гвалтоўных знікненняў у Беларусі пастаянна гучыць у альтэрнатыўных дакладах праваабаронцаў, якія яны прадстаўляюць у дагаварныя органы. Гэтая праблема была асветлена ў альтэрнатыўным дакладзе на 63-яй сесіі Камітэта супраць катаванняў ААН. Таксама тэма гвалтоўных знікненняў утрымліваецца ў Кааліцыйным дакладзе праваабаронцаў у Камітэт па правах чалавека ААН, які будзе прадстаўлены на 124 сесіі Камітэта ў лістападзе гэтага года.

Крыніца: Раіса Міхайлоўская: “Стаўленне краіны да гвалтоўных знікненняў – гэта тэст на яе гуманнасць”