Людміла Адамаўна, маці «чорнага рыэлтара» Ігара Гершанкова, распавяла журналістам mspring.online, што ў яго практычна не дзейнічае левая нага. Яна бачыла гэта падчас спаткання з сынам у СІЗА №1 Мінска 28 жніўня.
– Ён распавёў, што не адчувае нагу. Я і сама бачыла, што ён неяк дзіўна перасоўваецца.Здароўе пагоршылася, яму прапісалі пасцельны рэжым, зараз ён на спецыяльнай дыеце. Левая нага амаль мёртвая. Усё гэта – з-за галадоўкі і, якую ён трымаў два месяцы, – распавяла Людміла.
Ігар Гершанкоў абвясціў галадоўку 27 чэрвеня. Прычынай стала тое, што яго лісты і скаргі з СІЗА №1 не прапускалі. Ён і яго маці расцанілі гэта як спробу ціску на вязня і парушэнне ягоных правоў. Сам Гершанкоў таксама не атрымліваў лісты – у тым ліку адказ з Генеральнай пракуратуры, якога яму давялося чакаць два месяцы. Па словах маці, калі карэспандэнцыя стала паступаць, ён вырашыў, што дамогся сваёй мэты, і спыніў галадоўку.
– Ён сваёй галадоўкай спрабаваў дамагчыся таго, каб да яго і ад яго паступалі лісты. Аднак у апошні час з гэтым зноў пачаліся праблемы. 30 ліпеня ён пісаў скаргу свайму адвакату, аднак адвакат так нічога і не атрымала, – сказала Гершанкова.
Сярод апошніх змен – Гершанкову дазволілі перапіску з яшчэ адной фігуранткай справы «чорных рыэлтараў», яго жонкай Таццянай, якая адбывае тэрмін у гомельскай калоніі.
На дадзены момант Людміла і Ігар Гершанковы спадзяюцца на рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН, які парэкамендуе беларускім уладам адмяніць расстрэльны прысуд.
Магілёўца Ігара Гершанкова і яго змоўшчыка Сямёна Беражнога асудзілі на смяротнае пакаранне па справе так званых «чорных рыэлтараў» у ліпені 2017 года. Яшчэ двое фігурантаў – Таццяна Гершанкова і Барыс Калеснікаў – атрымалі 24 і 22 гады зняволення адпаведна.
Па версіі следства, з 2009 па 2015 год «чорныя рыэлтары» забівалі ўладальнікаў кватэр, каб завалодаць іх нерухомасцю. Было даказана дачыненне ўсёй групоўкі да забойства шасці чалавек. Яшчэ тры чалавекі пазбеглі смерці, паколькі фігурантаў справы змясцілі пад варту. Злачыннай групе залічылі здзяйсненне і падрыхтоўку да здзяйснення забойстваў, выкраданне і падрыхтоўку да выкрадання чалавека, махлярства, разбой, вымагальніцтва, крадзеж або знішчэнне дакументаў і незаконны абарот наркотыкаў або псіхатропаў.
Крыніца: Маці магілёўскага смяротніка: у сына адымаецца нага