Тамара Шчапеткіна і Зміцер Лупач. Фотакалаж. Журналістка-фрылансер Тамара Шчапёткіна з Бярозы пакарана судом Бярозаўскага раёна штрафам 30 базавых велічынь.

Пап інфармацыі Беларускага Радыё Рацыя, ні суддзя Наталля Мінчанка, ні ўчастковы Ігар Прыбышчук, што складаў адміністрацыйны пратакол, не маглі адказаць, у чым канкрэтна абвінавачваецца Шчапёткіна.

У выніку блытаных паказанняў сведкі Ларысы Кузьміч, кароткіх фраз Прыбышчука “не знаю”, “ответить не могу”, Наталля Мінчанка прыйшла да высновы, што Шчапёткіна парушыла артыкул 22.9 КаАП. Што менавіта, не патлумачыла. Суд быў заангажаваны і яўна заказны, што вельмі абурыла прысутных на судзе з групы падтрымкі журналісткі.

Таццяна Тарасевіч:

 – Мяне абурыла такое несправядлівае рашэнне суда. Канешне, я нічога і не чакала добрага, таму што не першы раз я на судзе. У нас душаць людзей, якія ўмеюць бараніць кагосьці, умеюць адстойваць сваё меркаванне.

Аляксандр Мех:

– Спадарыня Тамара вельмі дапамагла працаўнікам гэтага свінакомплексу. І, я думаю, яны ёй вельмі ўдзячныя за гэту дапамогу. Але ж дзяржава ацаніла гэту дапамогу па-іншаму. Інтарэсы народа не супадаюць з інтарэсамі дзяржавы.

Служба маніторынгу ГА "БАЖ"  таксама паведамляе, што 28 жніўня незалежнаму журналісту з Глыбокага Змітру Лупачу прыйшла позва з’явіцца ў Браслаўскі РАУС. Як напісана ў позве, у сувязі з правядзеннем праверкі па факце выяўлення ў сетцы Інтэрнэт на інтэрнэт-сайце belsat.eu відэасюжэта, размешчанага 5 ліпеня.

Намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі  Браслаўскага РАУС, маёр міліцыі Вадзім Балтуноў склаў на Змітра Лупача пратакол. У ім журналіста вінавацяць у парушэнні артыкула 35 Закона аб СМІ. І зноў незалежнага журналіста збіраюцца прыцягнуць да адказнасці па частцы другой артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, якая датычыцца толькі юрыдычных асобаў, а не фізічных.

Крыніца: Пераслед незалежных журналістаў не спыняецца