Суд Савецкага раёна Мінска пачынае разгляд пазову бізнесоўца Аркадзя Ізраілевіча да газеты “Новы Час” і аўтара артыкулаў пра будаўніцтва ў Курапатах рэстараннага комплексу “Поедем поедим” Дзяніса Івашына. Сутнасць прэтэнзіі: публікацыі ў газеце зняважылі ягоныя гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, а таксама нанеслі бізнесоўцу “маральны ўрон”, які ён ацаніў у 40 тысяч рублёў.
Пачатак судовага працэсу ў 10-30.
Аўтар артыкулаў Дзяніс Івашын размясціў напярэдадні суда пост у фэйсбуку, у якім заяўляе, што “скіраваны толькі на перамогу, няхай і маральную”.
“У параўнанні з нашымі апанентамі мы ня маем значных фінансава-матырыяльных актываў, лобі й пратэкцыі ва ўладзе. Аднак маем вялікі патэнцыял салідарнасці нашай грамадзянскай супольнасці, узаемападтрымкі й дапамогі. Абарона Курапатаў з канца чэрвеня набыла яшчэ адзін вельмі няпросты - судовы фронт, які мае пакуль выключна рэпрэсіўны чыннік (сённяшнія суды ёсьць таму сьведчаннем). Але ў любым разе мы скіраваныя толькі на перамогу, няхай і маральную. Таму, сябры, будзем шчыра ўдзячныя за вашую падтрымку!”
Бізнесовец жа лічыць, што «Новы час» змясціў некалькі матэрыялаў, у якіх сцвярджаецца, што ягоныя фірмы з’яўляюцца забудоўшчыкамі рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Поедем поедим» у мемарыяльнай зоне Курапатаў.
З-за гэтага Ізраілевіч, нібыта, моцна пакутуе, бо ягоны камерцыйны імідж пахіснуўся, а таму патрабуе апублікаваць на старонках газеты абвяржэнне звестак пра ягоны ўдзел у будаўніцтве рэстарана "Поедем поедим“ і спагнаць з газеты «Новы час» маральную шкоду ў памеры 40 тысяч рублёў, а з Дзяніса Івашына 1 000 рублёў.
Крыніца: Бізнесовец Ізраілевіч ідзе ў суд за “маральным уронам”