Заява праваабарончай супольнасці Беларусі адносна крымінальнага прысуду, вынесенага лідэрам прафсаюза РЭП Ігару Комліку і Генадзю Фядынічу.
Мінск, 24 жніўня 2018 г.
24 жніўня 2018 года ў дачыненні да Генадзя Фядыніча, старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза, вынесены абвінаваўчы прысуд на падставе ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае адказнасць за ўхіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры. Лідэры прафсаюза прысуджаныя да абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу тэрмінам на 4 гады без канфіскацыі маёмасці і з забаронай займаць кіруючыя пасады на працягу 5 гадоў.
Варта нагадаць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць. Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях, разглядаючы справу Алеся Бяляцкага, у сваім Меркаванні адзначыла, што ў адпаведнасці з артыкулам 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах дзяржавы-ўдзельніцы звязаныя не толькі абавязацельствамі не ўмешвацца ў стварэнне аб'яднанняў, альбо іх дзейнасць, але пазітыўным абавязальніцтвам забяспечваць прававую аснову для ўключэння ў такую дзейнасць юрыдычных асоб. На думку Рабочай групы, такія захады, як садзейнічанне задачам асацыяцый шляхам дзяржаўнага фінансавання або дазволу на вызваленне ад падаткаў на сродкі, атрыманыя з-за межаў краіны, уваходзяць у сферу пазітыўнага абавязацельства ў адпаведнасці з артыкулам 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Праваабарончая супольнасць Беларусі адназначна ўспрыняла крымінальную справу ў дачыненні да кіраўнікоў прафсаюза РЭП як атаку на незалежны прафсаюзны рух, звязаны з іх грамадскай актыўнасцю і імкненнем уладаў запалохаць арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. У сувязі з гэтым варта нагадаць, што прафсаюз РЭП сабраў больш за 45 тысяч подпісаў супраць Дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» («Дэкрэт аб дармаедах») і актыўна ўдзельнічаў у «Маршах недармаедаў» - шматтысячных мірных акцыях, якія праходзілі ў многіх гарадах Беларусі вясной 2017 года, прававыя інспектары прафсаюза аказвалі прававую дапамогу грамадзянам. Аб палітычна матываваным характары крымінальнай справы таксама сведчыць факт вярбоўкі КДБ супрацоўніцы прафсаюза РЭП, пра які стала вядома ў ходзе судовага разбору.
Мы разглядаем крымінальную справу, распачатую ў дачыненні да лідэраў прафсаюза РЭП, у святле гарантый, замацаваных у артыкуле 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах: кожны мае права на свабоду асацыяцыяў з іншымі, уключаючы права ствараць прафсаюзы і ўступаць у іх для абароны сваіх інтарэсаў. Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія прадугледжваюцца законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.
У адпаведнасці з артыкулам 3 Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы аб свабодзе аб'яднанняў і абароне права аб'ядноўвацца ў прафсаюзы № 87, дзяржаўныя ўлады ўстрымліваюцца ад усялякага ўмяшання, здольнага абмежаваць права арганізацый работнікаў і працадаўцаў выпрацоўваць свае статуты і адміністрацыйныя рэгламенты, свабодна выбіраць сваіх прадстаўнікоў, арганізоўваць свой апарат і сваю дзейнасць і фармуляваць сваю праграму дзеянняў або перашкодзіць яго законнаму ажыццяўленню. Абарона прафсаюзаў і іх правоў ад замаху з боку ўрада з'яўляецца гарантыяй правоў грамадзян на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў.
Нішто не дае права дзяржавам, якія ўдзельнічаюць у Канвенцыі МАП № 87 прымаць заканадаўчыя акты ў шкоду гарантый, якія прадугледжаныя ў ёй, або ўжываць закон такім чынам, каб наносіўся ўрон гэтым гарантыям.
Маніторынг адкрытага разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да лідэраў прафсаюза Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка выявіў грубыя парушэнні стандартаў справядлівага суда, якія ў сваёй сукупнасці прывялі да незаконнага, палітычна матываванага прысуду.
Высновы суда аб вінаватасці прафсаюзных лідэраў заснаваныя на шэрагу недапушчальных з пункту гледжання крымінальнага працэсу ці доказаў, якія не адносяцца да прад'яўленага абвінавачвання, якія не былі падвергнуты судом крытычнай ацэнцы. Ключавыя доказы, якія пацвярджаюць сам факт адкрыцця банкаўскіх рахункаў і зняцце з іх наяўных грошай, якія абверглі б пазіцыю абвінавачаных, якія адмаўляюць сам факт правядзення такіх дзеянняў, атрыманы следствам з невядомай крыніцы, без выкарыстання прызнаных працэдур атрымання інфармацыі, якая складае банкаўскую таямніцу ў рамках супрацоўніцтва дзяржаў у галіне ўзаемнай прававой дапамогі. Такія доказы не могуць быць выкарыстаны для абгрунтавання віны па крымінальнай справе.
Мяркуем, што выкарыстанне судом у якасці доказаў супярэчлівых і непраўдзівых паказанняў сведак, запалоханых на дасудовай стадыі прадстаўнікамі органаў фінансавых расследаванняў, таксама не дазваляе лічыць прысуд законным і абгрунтаваным.
Мы лічым, што дзеянні пракуратуры і органаў унутраных спраў у адносінах да сведак, якія заявілі у судзе пра выкарыстанне ў іх дачыненні недапушчальных мер ўздзеяння пры вядзенні дазнання і папярэдняга следства па крымінальнай справе, з'яўляюцца ціскам на сведак якіх, насуперак закону, фактычна затрымлівалі і дастаўлялі для дачы тлумачэнняў у пракуратуру. Іх тэлефоны, а таксама тэлефоны абвінавачаных, праслухоўваліся спецслужбамі ў перыяд судовага разгляду справы. Рашэнне па выніках праверкі іх заяў адпавядала версіі абвінавачвання.
У сувязі з выкладзеным, лічым прысуд суда ў дачыненні да лідэраў прафсаюза РЭП Ігара Комлік і Генадзя Фядыніча незаконным, неабгрунтаваным і палітычна матываваным, а крымінальны пераслед - звязаным з іх актыўнай прафсаюзнай дзейнасцю і мірным ажыццяўленнем права на свабоду асацыяцыяў.
Заклікаем перагледзець вынесены прысуд і спыніць крымінальны пераслед Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
Адначасова патрабуем ад уладаў Беларусі спыніць ціск на незалежны прафсаюзны рух і заклікаем адмовіцца ад неправамернага ўмяшання ў іх дзейнасць.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
РГА «Прававая ініцыятыва»;
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Беларускі Дом правоў чалавека;
Установа "Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман Канстанта";
Асветніцкая ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі";
Офіс па правах людзей з інваліднасцю.
Крыніца: Праваабаронцы заклікаюць перагледзець прысуд і спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка