Пасля абвяшчэння прысуда па справе лідэраў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка каля будынку Дома правасуддзя, дзе праходзіў працэс, грамадскія актывісты зладзілі пікет у падтрымку незалежнага прафсаюза. Яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, сцяг прафсаюза РЭП і “Еўрапейскай Беларусі”.
Прыкладна праз 10 хвілін да іх пад’ехаў чырвоны аўтобус з амапаўцамі, якія затрымалі актыўных пікетоўцаў. Сярод затрыманых былі Вольга Нікалайчык, Леанід Кулакоў, Мая Наумава, Уладзімір Неўмяржыцкі, актывіст прафсаюза РЭП з Берасця Павел Мрочка, актывіст РЭП з Бабруйска Аляксандр Чмыхаў.
Пазней, пры адыходзе ад будынку суда былі затрыманы палітык Мікола Статкевіч, актывіст “Еўрапейска Беларусі” Максім Вінярскі і яшчэ некалькі чалавек.
Па дадзеных ПЦ “Вясна”, 24 жніўня пасля суда па “справе прафсаюзаў” было затрымана 11 чалавек:
- Алесь Абрамовіч (Барысаў);
- Вольга Нікалайчык;
- Леанід Кулакоў;
- Мая Наумава;
- Уладзімір Неўмяржыцкі;
- Павел Мрочка (Брэст);
- Аляксандр Чмыхаў (Бабруйск);
- Максім Вінярскі;
- Мікола Статкевіч;
- Тамара Зайцава (Калінкавічы);
- Андрэй Хрэнкоў.
Усе яны былі дастаўлены ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска.
Затрыманыя актывісты знаходзяцца ў РУУС ужо больш за тры гадзіны. Як стала вядома праваабаронцам “Вясны”, у мужчын адабралі шнуркі. Адзін з міліцыянтаў Маскоўскага РУУС паведаміў, што усіх затрыманых “афармляюць на суткі” і чакаць іх сёння не мае сэнсу. Верагодна ў панядзелак адбудзецца суд.
Крыніца: Затрыманых каля Дома правасуддзя павязуць на Акрэсціна