Заўтра суд Савецкага раёна Мінска агучыць рашэнне па крымінальнай справе ў дачыненні да лідара прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка.
Напярэдадні судовага рашэння старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выступіў з заявай. Ён падкрэсліў, што ад самага пачатку справа супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка мела выразны палітычны падтэкст. Высунутыя на адрас кіраўнікоў прафсаюза абвінавачанні ва ўхіленні ад падаткаў служаць сродкам для ціску і дыскрэдытацыі актыўных суб’ектаў грамадзянскай супольнасці.
«У судзе не было прадстаўлена вартай даверу доказнай базы, якая б магла быць абгрунтаваннем высунутага на адрас службоўцаў РЭП абвінавачання ва ўхіленні ад падаткаў. Справа РЭП паводле сваёй формы і па характары дзеянняў уладаў відавочна нагадвае сумнавядомую і ганебную для ўладаў справу кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Аднак пры гэтым доказная база яшчэ больш хісткая і неабгрунтаваная: у гэтай справе адсутнічае падставовы элемент – сведчанне атрымання абвінавачанымі сродкаў, з якіх быццам бы мусілі быць сплачаныя падаткі. Таксама адсутнічае важны складнік справаў пра ўхіленне ад падаткаў – перавышэнне выяўленых выдаткаў над даходамі. Спробы абвінавачання маляваць з актывістаў грамадзянскай супольнасці сваекарысных дзялкоў праваліліся падчас судовага разгляду і выклікалі справядлівае абурэнне грамадскасці», — гаворыцца ў заяве.
На думку Кастусёва, патрабаванне выплаты падаткаў са сродкаў, якія прафсаюзная арганізацыя магла атрымаць у парадку міжнароднай дапамогі ад ахвярадаўцаў і паплечнікаў з-за мяжы, з’яўляецца адступленнем ад міжнародных стандартаў свабоды дзейнасці прафсаюзаў.
Па яго словах, трывогу і негатыўную ацэнку выклікае спроба пакласці ў падмурак абвінавачаньня сведчанні былой сакратаркі прафсаюза Юліі Юхнавец, якая была накіраваная ў арганізацыю спецслужбамі для працы ў якасці агента.
«Зыходзячы з выкладзенага і грунтуючыся на адсутнасці доказаў прад’яўленых па справе абвінавачанняў, Партыя БНФ заклікае суд да прынцыповасці і да вынясення адзінага магчымага справядлівага рашэння па справе службоўцаў прафсаюза РЭП у выглядзе апраўдаўчага прысуду. Пераўтварэнне правасуддзя ў сродак ажыццяўлення палітычна матываванага пераследу апанентаў улады на падставе маніпулятыўных і сумнеўных ці бяздоказных абвінавачанняў з’яўляецца недапушчальным», — сказана ў заяве.
Прысуд па справе будзе абвешчаны 24 жніўня ў 12 гадзін у Доме Правасуддзя (Мінск, вул. Сямашкі, 33)."Новы час", паводле прэс-рэлізу Партыі БНФ.