Камітэт ААН па правах чалавека ўсталяваў парушэнне права на жыццё асуджанага судом да смяротнага пакарання жыхара Гомеля Аляксандра Грунова. Адмова беларускага ўрада выдаць цела маці - Вольгі Груновой для пахавання ў Жэневе расцанілі як бесчалавечнае абыходжанне. Пра гэта «Гомельскай Вясне» паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка, які прадстаўляў сям'ю Груновых на міжнародным узроўні.
Па словах Судаленка, рашэнне датаванft 23-м жніўня і атрымана ім сёння раніцай па электроннай пошце.
Камітэт прызнаў дастатковую паўнату абгрунтавання для мэтаў прымальнасці прэтэнзій у адпаведнасці з пунктамі 6 (1) і (2), 7, 9 (3), 14 (2) і (3) (b) (для Аляксандра Грунова) і артыкулы 7 і 14 (1) у спалучэнні з пунктам 2 артыкула 2 (для Вольгі Груновой) Пакта, таму абвясціў іх прымальнымі і прыступіў да разгляду іх скаргаў па сутнасці.
На думку Камітэта, любая затрыманая асоба па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства павінна быць дастаўлена да суддзі на працягу 48 гадзін. Груноў быў затрыманы і змешчаны пад варту 20 верасня 2012 г., а ў суд быў дастаўлены толькі 28 студзеня 2013 года. Таму Камітэт прыйшоў да высновы, што гэты факт сведчыць аб парушэнні правоў г-на Грунова ў адпаведнасці з артыкулам 9 (3) Пакту.
Камітэт таксама ўстанавіў, што ў справе Грунова не выконваўся прынцып прэзумпцыі невінаватасці, паколькі ў судзе ён быў у кайданках і утрымліваўся ў шкляной клетцы падчас судовых пасяджэнняў. Абвінавачаныя звычайна не могуць быць скаваныя ці ўтрымліваюцца ў клетках, а роўна іншым чынам прадстаўленыя ў судзе небяспечнымі злачынцамі, а СМІ павінны пазбягаць асвятлення навінаў, якія падрываюць прэзумпцыю невінаватасці. Па гэтых падставах Камітэт прыйшоў да высновы, што права Грунова лічыцца невінаватым, гарантаванае артыкулам 14 (2) Пакта, было таксама парушана.
На этапе дасудовага расследавання Грунову не прадастаўлялася эфектыўная і пастаянная дапамога адваката. Першапачатковы допыт, падчас якога ён прызнаў, што здзейсніў меркаванае злачынства, праходзіў у адсутнасць адваката. Адвакат, прадстаўлены дзяржавай, ніколі не наведваў абвінавачанага ў папярэднім зняволенні, гэта сцвярджэнне не было аспрэчана ў ходзе камунікацыі дзяржавай. У гэтых абставінах Камітэт прыйшоў да высновы што факты, прадстаўленыя аўтарамі, сведчаць аб парушэнні правоў Грунова ў адпаведнасці з пунктам 3 (b) артыкула 14 Пакту.
Што тычыцца парушэння права Грунова на жыццё, Камітэт адзначыў наступнае.
Смяротны прысуд можа быць вынесены толькі ў адпаведнасці з законам і не павінен супярэчыць Пакту. Гэта мае на ўвазе, што павінны выконвацца працэдурныя гарантыі, прадугледжаныя ў ім, у тым ліку права на справядлівае судовае разбіральніцтва незалежным судом, прэзумпцыю невінаватасці, мінімальныя гарантыі абароны і права на разгляд вышэйстаячым судом. Вынясенне смяротнага прысуду ў выніку судовага разбору, у якім не выконваліся палажэнні артыкула 14 Пакта, уяўляе сабой парушэнне артыкула 6 Пакта. У святле сваіх высноваў аб парушэнні артыкула 14 (2) і (3) (b) Пакта Камітэт прыйшоў да высновы аб тым, што канчатковае пакаранне на смерць і наступнае выкананне прысуду не адказваюць патрабаванням артыкула 14 і што ў выніку яго права на жыццё таксама было парушана.
У рашэнні Камітэт таксама адзначыў, што беларускія ўлады адмовіліся паведаміць маці пакаранага Груновой пра час пакарання, пра месца пахавання яе сына і не выдалі ёй цела для пахавання. Дадзеныя факты Камітэт расцаніў так, што Грунова па-ранейшаму адчувае нездаволенасць і псіхічнае напружанне, што ўзмацняецца парушэннямі, папушчанымі дзяржавай у дачыненні да яе сына. На думку Камітэта, гэта азначае бесчалавечнае абыходжанне з маці пакаранага і з'яўляецца парушэннем артыкула 7 Пакта.
Камітэт таксама адзначыў, што не выконваючы яго просьбу аб прыняцці забеспячальніцкіх мер (не прыводзіць смяротны прысуд у выкананне пакуль скарга Грунова знаходзілася на разглядзе) беларускія ўлады парушылі свае абавязацельствы па артыкуле 1 Факультатыўнага пратаколу (прызнанне дзяржавай кампетэнцыі Камітэта на разгляд скаргаў грамадзян Беларусі ).
Леанід Судаленка таксама дадаў, што ў сувязі з прыняццем рашэння па сям'і Груновых беларускі ўрад цяпер абавязаны прыняць адпаведныя крокі для: (а) інфармавання Груновой пра дакладны час пакарання і месца пахавання яе сына; (б) даць спадарыні Груновой кампенсацыю за парушэнні, нанесеныя яе сыну, а таксама за боль і тугу, якія яна сама панесла ў выніку несправядлівага судовага разбору і выканання прысуду ў дачыненні да яе сына.
Рэспубліка Беларусь таксама абавязана прыняць усе неабходныя меры для прадухілення падобных парушэнняў у будучыні, таму ёй неабходна перагледзець сваё нацыянальнае заканадаўства аб смяротным пакаранні, якое ўжывалася ў справе сям'і Груновых. У рашэнні ААНаўскага Камітэта таксама ўтрымліваецца просьба да ўрада Беларусі афіцыйна апублікаваць прынятае рашэнне на дзяржаўных мовах і на працягу 180 дзён паведаміць Камітэту аб яго выкананні.
Крыніца: У ААН прызнали парушэнне права на жыццё пакаранага беларуса і бесчалавечнае стаўленне да яго маці