22 жніўня ў межах “Марафона салідарнасці” з палітвязнямі прайшла сустрэча валанцёраў ПЦ “Вясна”, на якой яны падпісалі паштоўкі для тых людзей, хто зараз знаходзіцца за кратамі праз свае погляды. Акрамя таго, госці мерапрыемства абмеркавалі крытэры вызначэння статуса палітвязня, паслухалі гісторыі беларускіх і расійскіх палітвязняволеных. На мерапрыемстве прысутнічаў былы палітвязень Мікола Дзядок, які распавёў, чаму так важна пісаць лісты і дасылаць паштоўкі тым, хто пазбаўлены волі. 

Так, Мікола Дзядок распавёў пра абставіны сваёй крымінальнай справы, па якой у траўні 2011 года быў асуджаны на 4,5 гады зняволення. Палітвязнем ён быў прызнаны восенню таго ж года, пасля чаго, па словах Міколы, прэсінг на яго з боку адміністрацыі калоніі ўзмацніўся ў шмат разоў – адразу пачаліся ШІЗА і пазбаўленне спатканняў. Па меры таго, як ён працягваў сядзець, гэты ціск нарастаў. І трымацца за кратамі Міколе дапамагалі лісты салідарнасці.

“Салідарнасць - гэта ключавы момант для кожнага вязня. Яна вельмі патрэбная. Пасля вызвалення я вывез з сабой з зоны больш за 500 паштовак. Лісты я нават не захоўваў, бо мне б спатрэбілася два асобных чалавекі, каб яны неслі гэтыя сумкі з кешарамі. Бывалі такія дні (напрыклад, ці Дзень народзінаў, ці Новы год), калі да 20 паштовак і лістоў на дзень прыходзіла, прычым большасць з іх – ад незнаёмых людзей. І гэта пры тым, што адміністрацыя вялікую колькасць “тармазіла”, каб я не надта кайфаваў ад салідарнасці.

Лісты падтрымкі дапамагаюць вязням трымацца, разумець, што яны не адні. Гэта дапамагае пераадольваць пакуты, якія выпадаюць на долю абсалютна кожнага палітвязня”, - распавёў Дзядок.

Пасля расповеду Міколы мадэратарка сустрэчы Наталля Сацункевіч адзначыла, што ёй, як чалавеку, які дасылае лісты зняволеным, раней не да канца было зразумела, у якой ступені такія праявы салідарнасці важны самім зняволеным. Але досвед Мікалая Дзядка развеяў усе сумневы.

Наталля Сацункевіч. Фота ПЦ
Наталля Сацункевіч. Фота ПЦ "Вясна"

Таксама валанцёры і госці мерапрыемства распавялі пра лёс беларускіх палітвязняў Міхаіла Жамчужнага і Змітра Паліенкі. Да таго ж, былі закранутыя і гучныя справы расійскіх вязняў – праваабаронцы Аюба Ціціева і анархіста Аляксандра Кольчанкі. Скончылася сустрэча дыскусіяй пра крытэры, па якіх вызначаюцца палітычныя зняволенныя, і падпісаннем паштовак.

“Марафон салідарнасці” з палітычнымі зняволенымі праходзіць у Мінску з 20 па 25 жніўня. У гэтыя дні любы жадаючы падтрымаць палітвязняў можа наведаць офіс ПЦ “Вясна” па адрасе пр. Незалежнасць, 78а-48 і падпісаць для іх паштоўкі.

Крыніца: Валанцёры "Вясны" падпісалі паштоўкі салідарнасці з палітвязнямі