Намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Віталь Атаманчук адмовіў праваабаронцам Андрэю Стрыжаку і Леаніду Судаленку ў правядзенні спецыяльнага пікету супраць пераследу грамадзян за выказванне сваіх меркаванняў у глабальнай камп'ютэрнай сетцы Інтэрнэт, у тым ліку і за размяшчэнне ў сацыяльных сетках інфармацыі крытычнага зместу. Пра гэта піша “Гомельская Вясна”.
Паколькі закон аб масавых мерапрыемствах забараняе праводзіць у адным месцы адначасова некалькі мерапрыемстваў, у гарвыканкаме па гнэтай прычыне адмовілі менавіта праваабаронцам.
Нагадаем, апошнія папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах дапускаюць паведамляльны характар мірных сходаў, калі мерапрыемства плануецца праводзіць у спецыяльна прызначаным уладамі месцы. І хоць гэтыя змены ўступяць у сілу праз шэсць месяцаў, праваабаронцы вырашылі праверыць, як будуць папраўкі працаваць на практыцы. Яны заявілі пікетаванне на афіцыйна дазволеным месцы і як бачым, усё роўна атрымалі забарону.
Кіраўнік гомельскага офіса ПЦ "Вясна" Андрэй Стрыжак лічыць, што рэзананс, які ствараюць пастаянныя забароны мірных сходаў, наносіць значна большую шкоду іміджу дзяржавы на міжнародным узроўні, чым калі б чыноўнікі дазволілі грамадзянам правесці тое ці іншае мерапрыемства.
«Але ва ўладаў свая логіка, якая слаба паддаецца разуменню», - лічыць ён.
- «Пасля таго, як паведамляльны характар арганізацыі мірных сходаў ўступіць у законную сілу, у чыноўнікаў не будзе больш магчымасці забараняць тое ці іншае мерапрыемства. Таму яны кожны раз будуць выдумляць, як сёння нам паказалі, свае мерапрыемствы, прыкрываючыся дзецьмі і іншымі падкантрольнымі ім арганізацыямі» - дадаў праваабаронца.
Юрыст рэгіянальнай прававой прыёмнай ПЦ "Вясна" Леанід Судаленка адзначае, што чыноўнікі не прайшлі тэст на папраўкі ў Закон аб масавых мерапрыемствах.
«Што перашкаджала ім ўступіць у дыялог, прапанаваць іншыя варыянты рэалізацыі намі канстытуцыйных правоў? Як гаворыцца, было б жаданне!», - заявіў праваабаронца.
«Дзяржаўныя агенты выдумляюць усё новыя і новыя прычыны для таго, што б прымусіць людзей маўчаць. Ніякая лібералізацыя аб мірных сходах не будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль у закон не ўнясуць яшчэ адну, самую галоўную папраўку - чыноўнік не мае права забараніць і нясе персанальную адказнасць за абмежаванне канстытуцыйных правоў грамадзян», - дадаў Л. Судаленка.
Нагадаем, Камітэт ААН па правах чалавека неаднаразова прымаў рашэнні, звязаныя з забаронамі мірных акцый у Гомелі. Ці варта казаць, што пакуль беларускія чыноўнікі ігнаруюць і гэтыя рашэнні, тым самым адмаўляюцца ад выканання міжнародных абавязацельстваў нашай краіны.
Крыніца: Гомель: «Паведамляльны характар» масавых мерапрыемстваў у дзеянні