Дзесяць дзетак-першаклашак з Баранавіч будуць навучацца ў гэтым годзе ў класе гімназіі №4 на беларускай мове.
Пра гэта стала вядома бацькам з адказу баранавіцкага гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні А.Гарбуза.
“Клас з беларускай мовай навучання будзе адкрыты ў дзяржаўнай установе адукацыі “Гімназія №4 г. Баранавічы” і размешчаны на базе дзяржаўнай установы дашкольнай адукацыі “Яслі-сад №50 г. Баранавічы”, - значыцца ў адказе.
Нагадаем, што змаганне саміх бацькоў, сябраў Баранавіцкай арганізацыі таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны ды праваабаронцаў было няпростым. І пачалося яно яшчэ летам прошлага года. Адбылося нямала сустрэчаў бацькоў з дырэктарам гімназіі № 4, намеснікам старшыні Баранавіцкага гарвыканкама А. Гарбузам, старшынём гарвыканкама Ю. Грамакоўскім ды загадчыкам ГАРАНа Пузікавым. Юрыдычыную дапамогу аказваў праваабаронца ПЦ “Вясна” Сяргей Гоўша, які рыхтаваў скаргі ў дзяжустановы.
“Нарэшце баранавіцкія ўлады знайшлі з бацькамі паразуменне. Перамога маленькая. Будзе яна вялікай, калі мы вернем у Беларусі належнае месца беларускай мове!” - падкрэсліў Сяргей Гоўша.
Крыніца: Перамога бацькоў беларусікаў-першакласнікаў з Баранавіч