Чацвёра прыхільнікаў БХД, у тым ліку старшыня абласнога аргкамітэту Таццяна Севярынец, затрыманыя і знаходзяцца ў ДАІ райцэнтру Бешанковічы, паведамляе "Радыё Свабода". Кіроўцу вінавацяць у парушэнні ПДД, астатніх трымаюць без прычыны ўжо другую гадзіну.
Паводле Таццяны Севярынец, актывісты яшчэ ў дарозе зразумелі, што за імі сочаць:
«Мы праехалі некалькі пастоў ДАІ, якія пільна за намі назіралі. Потым аўто з міліцыянтамі нас абагнала, супрацоўнік выйшаў, і пачалося разбіральніцтва, нібыта наш кіроўца спадар Аляксандар нешта парушыў. На месцы давесці нічога не змаглі, загадалі ехаць у Бешанковічы».
Таццяна Севярынец адзначае, што разбіральніцтва зацягваецца знарок, а яны з Аленай Янушкоўскай, Ірынай Захаравай і Аляксандрам Квілісам меліся прыехаць у Курапаты апоўдні, каб распачаць «віцебскую вахту» каля рэстарацыі «Поедем поедим». Пра гэта актывістка напярэдадні паведаміла ў Facebook.
З Бешанковіцкага аддзелу ДАІ машыну актывістаў адпусцілі праз дзве гадзіны пасля затрымання, склаўшы на кіроўцу пратакол за перавышэнне хуткасці, але зноўку затрымалі — ужо пад Лепелем, паведаміў Аляксандар Квіліс:
«Супрацоўнікі ДАІ ў Бешанковічах вельмі доўга шукалі аргумэнты на карысць таго, што была перавышаная хуткасьць. Яўных доказаў у іх не было. Але трэба было хутчэй ехаць, і кіроўца пагадзіўся з пратаколам. На пад’езьдзе да Лепелю нас ізноў затрымалі для праверкі дакумэнтаў», — паведаміў актывіст. «Камусьці вы вельмі не падабаецеся», — пажартаваў супрацоўнік ДАІ, які атрымаў загад нас затрымаць па рацыі.
Крыніца: Віцебскіх актывістаў затрымалі па дарозе на варту ў Курапаты Дапоўнена