Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына. Фота Радыё Свабода Як паведамляе TUT.BY, знікла сувязь з галоўным рэдактарам інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірынай Леўшынай. Раніцай 9 жніўня Леўшына не з’явілася на працы, яе мабільны тэлефон адключаны.

Не выключана, што яна затрыманая супрацоўнікамі Следчага камітэта ў межах «справы БелТА». БелаПАН удакладняе, што ў Ірыны Леўшынай быў праведзены ператрус. Ускрыты сістэмны блок яе кампутара.

Заснавальніка інфармацыйнага партала TUT.BY Юрыя Зісера вечарам 8 жніўня дапыталі ў Следчым камітэце ў якасці сведкі. Працэсуальнае дзеянне цягнулася каля двух гадзінаў, з Юрыя Зісера ўзялі падпіску аб неразгалошванні.

Супрацоўнікі партала Realt.by Уладзіслаў Кулецкі, Ігар Хмара, Марыя Сарока і Алена Маслоўская пасля допыту ў Следчым камітэце таксама былі адпушчаныя, з іх таксама ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Вядома, што з офісу кампаніі былі канфіскаваныя камп’ютары і ноутбукі.

Дагэтуль у статусе падазраваных за кратамі застаюцца журналісты TUT.BY Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ерманчонак, карэспандэнтка БелаПАН Таццяна Каравянкова, медыаэсперт Паўлюк Быкоўскі і журналіст Аляксей Жукаў.

Мэдыакампанія Deutsche Welle запатрабавала неадкладнага вызвалення свайго беларускага карэспандэнта Паўла Быкоўскага. З заклікам «устрымацца ад непрапарцыйных дзеянняў супраць журналістаў» да беларускіх уладаў звярнулася МЗС Нямеччыны.

Заклапочанасць пераследам журналістаў выказала Хельскінкская камісія ЗША. Старшыня арганізацыі Роджэр Уікер выступіў з заявай, у якой заклікаў беларускія ўлады "вызваліць затрыманых журналістаў і спыніць пераслед тых, хто прысвячае сваё жыцьцё таму, каб раскрыць праўду і падзяліцца ёю з іншымі".

Адбыўся допыт карэспандэнткі БелаПАН Таццяны Каравянковай у Следчым камітэце ў прысутнасці яе адваката. Пра гэта паведамляе БАЖ. Заўтра ў 11.10 сканчваецца тэрмін яе затрымання. І на заўтра ж прызначана наступнае следчае дзеянне, але час не агучаны. Таццяна Каравянкова атрымала перадачу ў ізалятар і дзякуе ўсім, хто ёй дапамагае. Яна адчувае ў цэлым сябе нармальна — настрой бадзёры.

Усе гэтыя дні Таццяна знаходзілася ў ізалятары на Акрэсціна. Аднак ні з кім з фігурантаў "справы БелТА" не перасякалася.

Рэдактарку TUT.BY Галіну Уласік выпусцілі са Следчага камітэту. Пра гэта адвакат паведаміў дачцэ журналісткі - Валерыі Уласік. Інфармацыю падцвердзіў і дзяжурны СК.

Галіну Уласік адпусцілі ў статусе падазраванай, падпіску пра неразгалошванне яна не падпісвала.

Фота TUT.BY
Фота TUT.BY

Таксама вызвалілі рэдактарку Ганну Калтыгіну, напісаў заснавальнік Tut.by Юры Зісер.

Разам з Арганізацыяй бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ) Федэральны ўрад Нямеччыны выказаў заклапочанасць у сувязі з арыштам шасці беларускіх журналістаў, сярод якіх карэспандэнт Deutsche Welle, і заклікаў Мінск праяўляць стрыманасць, паведамляюць нямецкія СМІ.

Злучаныя Штаты Амерыкі занепакоеныя затрыманнямі журналістаў у Беларусі і ператрусамі, праведзенымі ўладамі ў офісах некалькіх незалежных выданняў на гэтым тыдні. Пра гэта гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце амбасады ЗША ў Беларусі, пішуць naviny.by.

Нагадаем, 7 жніўня ператрусы і затрыманні прайшлі ў офісах кампаній TUT.BY і БелаПАН. У СК заявілі, што падставай да ўзбуджэння крымінальнай справы паслужыла паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БелТА» аб збоях пры ажыццяўленні доступу да платнай падпіскі паслуг, якія прадастаўляліся названым прадпрыемствам аднаму з яго заказчыкаў.

Таксама ведамства паведаміла пра следчыя дзеянні з удзелам службовых асобаў рэдакцыйна-выдавецкай установы «Культура і мастацтва», ТАА «РіэлтБай», ТАА «АйТіВі». Якія менавіта следчыя дзеянні вядуцца ў дачыненні “АйТіВі”, не паведамляецца —  гэта кампанія, якая займаецца інтэрнэт-тэлебачаннем, распрацоўкай праграмнага забеспячэння (дадаткаў для Smart TV, Android, iOS), а таксама інтэграцыяй медыаплатформаў.

Са словамі заклапочанасці і патрабаваннем вызваліць журналістаў ужо выступілі Савет Еўропы, «Рэпарцёры без межаў». На хвалю ператрусаў і затрыманняў журналістаў у Беларусі адрэагавалі і вядучыя СМІ ўсяго свету. Як паведамляюць naviny.by, «Еўраньюс» выпусціў сюжэт пра ператрусы ў БелаПАН і TUT.by і затрыманні журналістаў.

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі звярнуліся да спецдакладчыка ААН і прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ.

Крыніца: Што новага ў “справе БелТА”? Дапоўнена