Як паведамляе TUT.BY, знікла сувязь з галоўным рэдактарам інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірынай Леўшынай.
Раніцай 9 жніўня Леўшына не з’явілася на працы, яе мабільны тэлефон адключаны.
Не выключана, што яна затрыманая супрацоўнікамі Следчага камітэта ў рамках «справы БелТА». Магчыма таксама, што ў яе кватэры ідзе вобыск і ёй забаронена карыстацца тэлефонам.
Заснавальніка інфармацыйнага партала TUT.BY Юрыя Зісера вечарам 8 жніўня дапыталі ў Следчым камітэце ў якасці сведкі. Працэсуальнае дзеянне цягнулася каля двух гадзінаў, з Юрыя Зісера ўзялі падпіску аб неразгалошванні.
Супрацоўнікі партала Realt.by Уладзіслаў Кулецкі, Ігар Хмара, Марыя Сарока і Алена Маслоўская пасля допыту ў Следчым камітэце таксама былі адпушчаныя, з іх таксама ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Вядома, што з офісу кампаніі былі канфіскаваныя камп’ютары і ноутбукі.
Дагэтуль у статусе падазраваных за кратамі застаюцца журналісты TUT.BY Мырана Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ерманчонак, карэспандэнтка БелаПАН Таццяна Каравянкова, медыяэсперт Паўлюк Быкоўскі і журналіст Аляксей Жукаў.
Мэдыякампанія Deutsche Welle запатрабавала неадкладнага вызвалення свайго беларускага карэспандэнта Паўла Быкоўскага. З заклікам «устрымацца ад непрапарцыйных дзеянняў супраць журналістаў» да беларускіх уладаў звярнулася МЗС Нямеччыны.
Нагадаем, 7 жніўня ператрусы і затрыманні прайшлі ў офісах кампаній TUT.BY і БелаПАН. У СК заявілі, што падставай да ўзбуджэння крымінальнай справы паслужыла паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БелТА» аб збоях пры ажыццяўленні доступу да платнай падпіскі паслуг, якія прадастаўляліся названым прадпрыемствам аднаму з яго заказчыкаў.
Таксама ведамства паведаміла пра следчыя дзеянні з удзелам службовых асобаў рэдакцыйна-выдавецкай установы «Культура і мастацтва», ТАА «РіэлтБай», ТАА «АйТіВі».
Са словамі заклапочанасці і патрабаваннем вызваліць журналістаў ужо выступілі Савет Еўропы, «Рэпарцёры без межаў».
Крыніца: Што новага ў “справе БелТА”?