Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які ад першага дня ўважліва сочыць за працэсам над лідэрамі прафсаюза РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам, бачыць у крымінальнай “справе прафсаюзаў” найперш водгалас глабальнай праблемы, звязанай з доступам няўрадавых арганізацый да фінансавання сваёй дзейнасці. Ён таксама падрабязна аналізуе першы этап судовага працэсу і спыняецца на мэтах, якія, на яго думку, ставіла перад сабой следства.
Праваабаронца адзначае, што “справа прафсаюзаў” у чарговы раз яскрава прадкрэслівае галоўную праблему, дытычную рэалізацыі свабоды асацыяцый у нашай краіне – доступ НДА да фінансавай, у тым ліку, замежнай дапамогі. Фактычна гэтая праблема ўзнікла яшчэ напачатку 2000–х гадоў, калі ўрад прыняў заканадаўчую базу, якая рэгулюе атрыманне і выкарыстанне замежнай дапамогі няўрадавымі арганізацыямі, максімальна абмежаваўшы такую магчымасць.
Глабальная праблема – доступ да фінансавай дапамогі
“Відавочна, што такім чынам урад хацеў пазбавіць няўрадавыя арганізацыі, у тым ліку і незалежныя прафсаюзы, доступу да фінансавання як унутры краіны, так і па за яе межамі, – перакананы праваабаронца. – Натуральна, што некамерцыйныя арганізацыі адыццяўляюць сваю дзейнасць за кошт фінансавай дапамогі, якую яны атрымліваюць, а таксама за кошт сяброўскіх унёскаў”.
Варта нагадаць, што Беларусь адносіцца да шэрагу краінаў свету з найбольш рэпрэсіўным заканадаўствам у галіне замежнай дапамогі, прыкладна там, дзе Азербайджан, ды і ў Расіі апошнім часам актывізаваўся пераслед арганізацый, якія падпадаюць пад паняцце “замежных агентаў”.
“Справа прафсаюзаў” непасрэдна ўзнікла з самой сутнасці гэтай праблематыкі, – мяркуе Стэфановіч. – І пакуль у Беларусі будзе існаваць такое заканадаўства, гэта будзе не першая і не апошняя падобная справа, калі НДА будуць абвінавачваць у атрыманні ці нібыта атрыманні такой дапамогі. Пры такім заканадаўстве атрымаць замежную дапамогу і выкарыстоўваць яе на тыя мэты, на якія яна прадастаўлена, фактычна немагчыма. Дапускаю, што некаторыя арганізацыі сацыяльнага накірунку неяк могуць карыстацца замежнай дапамогай, аднак праваабарончыя арганізацыі, прафсаюзы, такой магчымасці фактычна пазбаўлены.
Між тым стандарты свабоды асацыяцый, сфармуляваныя Камітэтам па правах чалавека ААН, і гэта было ў чарговы раз падкрэслена КПЧ ААН яшчэ пад час працэсу па “справе Алеся Бяляцкага”, заключаюцца ў тым, што магчымасць вольнага доступу да атрымання фінансавання, у тым ліку і замежнага, з’яўляецца неад’емнай часткай свабоды асацыяцый. Адпаведна пазітыўныя абавязальніцтвы дзяржавы заключаюцца ў тым, каб ствараць спрыяльныя ўмовы для працы НДА, у тым ліку для магчымасці атрымання такога фінансавання і доступу да яго, але аніяк не абмежавання. А сёння ў Беларусі сам урад актыўна атрымлівае замежную дапамогу, у тым ліку і з боку Еўразвяза, і карыстаецца ёй, а няўрадавыя арганізацыі такой магчымасці не маюць".
Валянцін Стэфановіч называе асноўныя, на яго думку, аспекты судовага працэсу над незалежнымі прафсаюзамі, якія ўжо зараз выразна прасочваюцца на этапе следства і суда.
- Стварэнне перашкодаў для дзейнасці прафсаюза РЭП
“Відавочна, што судовы працэс прадэманстраваў некалькі задачаў, якія ставілі улады, калі распачыналі пераслед Фядыніча і Комліка. У першую чаргу, гэта стварэнне перашкодаў для дзейнасці прафсаюза РЭП увогуле. Незалежна ад таго, чым скончыцца справа, і якім будзе прысуд, ці будзе пазбаўлены Фядыніч і Комлік волі, ці не: відавочна што усе гэтыя штрафныя санкцыі па падатках, нібыта ўтоеных, і налічаных, а таксама пеня за іх несвоечасовую ўплату, - усё гэта будзе ўскладзена на прафсаюз РЭП, што пацягне негатыўныя наступствы: ад ускладнення дзейнасці прафсаюза, і не выключаю, што нават да пагрозы ліквідацыі арганізацыі” – мяркуе праваабаронца.
- Дыскрэдытацыя лідэраў прафсаюза
Другая задача следства, як гэта было добра заўважна пад час працэсу, гэта дыскрэдытацыя лідэраў прафсаюза.
“Фактычна цэлы том справы ўтрымліваў нейкія ананімкі, якія не ўяўляюць сабой аніякай доказнай базы. Незразумела, кім яны былі напісаныя, немагчыма гэтых людзей устанавіць і дапытаць, аднак гэтыя паперкі фарміруюць негатыўны фон, указваюць аб тым, што нібыта прафсаюзныя лідэры не толькі атрымлівалі дапамогу, але і скарыстоўвалі яе не па мэтаваму прызначэнню, груба кажучы, проста прысвойвалі”, - адзначае праваабаронца.
– Такі падыход не новы. Нагадаю, што пад час справы Бяляцкага, быў цэлы шэраг публікацый, пісалі пра тое, што Бяляцкі прысвойваў грошы. Друкавалася гэта ў “Савецкай Беларусі”, а потым пасквілі перадрукоўвалі ўсе раённыя афіцыйныя газеты Беларусі, адпаведныя рэпартажы, у якіх абвінавачвалі Бяляцкага ў тым, што ён ездзіць на шыкоўных аўтамабілях, жыве ў дарагіх катэджах, паказвалі па тэлевізіі, хаця ні першага, ні другога ў яго не было. Сёння ж усё гэта паўтараецца.”.
- Ціск на Генадзя Фядініча і Ігара Комліка.
Выразна бачная і трэцяя задача ўладаў – гэта ціск на саміх лідэраў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка з верагоднасцю іх ізаляцыі.
Натуральна, што праваабарончая супрольнасць Беларусі і ПЦ “Вясна” ў тым ліку ад самага пачатку ацэньвала гэтую справу як палітычна матываваную, была прынятая адпаведная заява, у якой праваабаронцы патрабавалі неадкладнага спынення крымінальнага пераследу Комліка і Фядыніча.
Пра хібы доказнай базы
Валянцін Стэфановіч асобна спыняецца на аналізе доказнай базы і адзначае некалькі важных аспектаў. Фактычна, асноўны доказ, з якога выводзілася і сама сума падаткаабкладаемай базы, і якая нібыта сведчыла пра рух грошай па рахунку, быў здабыты ў межах незразумелых і таямнічых працэдураў.
“Мы заслухалі сведку, супрацоўніка ДФР Сяргея Дзмітрыева, які сказаў, што банкаўская раздрукоўка была здабытая аператыўным шляхам, але афіцыйна ніхто такую інфармацыю пра рахунак у банку SЕB Рэспубліцы Літва не перадаваў. Гэта адназначна. Гэтак жа і з паштовай скрыняй, з якой нібыта былі вынятыя дакументы, у тым ліку выпіска з банка. Следствам не было ўстаноўлена, што яна прыналежыць Комліку ці Фядынічу. У пратаколе допыта сведкі адназначна сказана, што не прадставілася магчымым устанавіць кропку доступу уваходзячай і зыходзячай карэспандэнцыі па скрыні”, - кажа Стэфановіч.
- Можна меркаваць пра самыя розныя маніпуліцыі з падобнымі доказамі, паколькі паказанні сведкаў аніяк не звязаны з 2011 годам, на падставе таго часу, на які абапіраецца доказная база. А іншых дакументаў менавіта па рахунку і руху грошай у следства няма. Былі, праўда, знойдзеныя нейкія грантавыя заяўкі на дысках альбо флэшках, але гэта ўсяго толькі дэкларацыя аб намерах… Тым больш, у судзе быў названы дакумент, у якім ідзе гаворка аб адмове ў задавальненні заяўкі, што падкрэслівае, што не кожная заяўка, якую падаваў Фядыніч, абавязкова будзе задаволена. Следству ўдалося толькі ўстанавіць, што Фядыніч і Комлік актыўна шукалі фінансаванне на прафсаюзную дзейнасць, але падцверджанне таго, што яны знайшлі гэтае фінансаванне якраз такі і няма.
Паказанні шматлікіх сведкаў, якія тычацца іншых перыядаў, скажам 2015-2016 года, зусім не звязаныя з перыядам 2011 года, які пакладзены ў аснову абвінавачвання.
“Нават калі не браць на ўвагу тое, што многія сведкі заявілі на судзе пра ціск, які аказваўся следчымі, што іх палохалі зняволеннем, негатыўнымі наступствамі, маўляў, “сын цябе болей не ўбачыць”, а затым на судзе адмаўляліся ад ранейшых паказанняў, усё гэта не датычыцца перыяду 2011 года. А некаторыя сведкі ў той час нават не працавалі ў прафсаюзе. Адна са сведак нават заявіла на судзе, што супрацоўнічала з Камітэтам дзяржбяспекі на выплатнай аснове, за грошы” – кажа Стэфановіч.
Праваабаронца мяркуе, што сцвярджаць на сённяшні дзень аб тым, што ў следства маюцца доказы атрымання дапамогі прафсаюзам і ўхілення ад выплаты падаткаў, заўчасна, паколькі следствам гэта не ўстаноўлена. Ён спадзяецца, што суд павінен будзе ўлічыць гэта пры вынясенні свайго прысуду.
“У выпадку ўвязнення Фядыніча і Комліка ў праваабаронцаў з’явяцца падставы прызнаць іх палітычнымі зняволенымі з патрабаваннем неадкладнага вызвалення” – заяўляе праваабаронца.
Крыніца: Валянцін Стэфановіч пра глабальную праблему “справы прафсаюзаў” і яе наступствы