30 траўня каля 10-ай гадзіны вечара супрацоўнікамі міліцыі РАУС Першамайскага раёна Віцебска быў затрыманы праваабаронца Павел Левінаў. Пра гэта паведаміў яго брат Андрэй Левінаў.
Пасля затрымання праваабаронца быў дастаўлены ў ІЧУ УУС па Віцебскай вобласці, дзе цягам 15 сутак ён будзе адбываць адміністрацыйнае пакаранне.
Павел Левінаў паспеў напісаць у сваім Facebook, што на працягу гэтага тэрміну будзе праводзіць маніторынг умоваў утрымання ў ІЧУ і апублікаваў адпаведнае накіраванне-заданне ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту.
Нагадаем, што 17 красавіка суддзя суда Кастрычніцкага раёна Віцебска Іна Грабоўская пастанавіла пакараць Левінава 15-сутачным арыштам за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях 25 і 26 сакавіка. Суд праходзіў завочна - Левінаў у гэты час знаходзіўся на лячэнні за межамі Беларусі. Спроба абскардзіць рашэнне раённага суда поспеху не прынесла: Віцебскі абласны суд пакінуў яго ў сіле.
5 траўня, пасля вяртання ў Беларусь, Павел Левінаў быў затрыманы віцебскімі міліцыянтамі, аднак з-за павышанага ціску прама з ІЧУ трапіў у бальніцу. Праз некалькі дзён яму была зробленая планаваная аперацыя. З бальніцы праваабаронца выпісаўся толькі на мінулым тыдні.