У судзе Ленінскага раёна г. Брэста 1 жніўня адбыўся працяг разгляду справы відэаблогера Cяргея Пятрухіна, якога вінавацяць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Суддзя Аляксандр Семянчук.
На пачатку паседжання Сяргей Пятрухін зноў выказаў недавер суддзі, так як раней рабіў фільм пра яго, што можа выклікаць непрыязнь суддзі да падсуднага. Таксама відэаблогер заявіў хадайніцтва аб удзеле ў працэсе абаронцы. Адводу суду не адбылося, а хадайніцтва аб удзеле абаронцы было задаволена.
Адвакат у сваю чаргу заявіў хадайніцтва пра тое, што матэрыялы справы павінны быць вернутыя у РАУС на дапрацоўку. Суддзя адмовіў у задавальненні хадайніцтва.
Падчас працэсу сведкамі выступілі міліцыянеры Аляксандр Тарасюк і Барыс Дзмітрук. Абодва заяўлялі пра тое, што прыйшлі да відэаблогера правесці агляд, яны сустрэлі Сяргея Пятрухіна на вуліцы, паказалі пастанову аб правядзенні агляду, відэаблогер хацеў сфатаграфаваць яе, але яму не далі такой магчымасці. Тады ён адмовіўся падпісвацца, што азнаёміўся з пастановай, казаў, што не пусціць міліцыянераў у кватэру бо згубіў ключы і патрабаваў прысутнасць адвакату пры аглядзе. Супрацоўнікі міліцыі тлумачылі Сяргею Пятрухіну, што адвакат яму не патрэбны.
Абаронца запытаўся ў сведкаў, чаму тыя не выканалі патрабаванне відэаблогера аб прысутнасці абаронцы на аглядзе, што гарантавана арт. 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Тыя не знайшлі, што адказаць. Ён заявіў, што у дзеяннях Сяргея Пятрухіна адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэнне, і на гэтай падставе прасіў суд справу спыніць.
Што суддзя Аляксандр Семянчук і зрабіў.
Нагадаем, 27 ліпеня каля 12 гадзін у двары свайго дома да відэаблогера Сяргея Пятрухіна падышлі супрацоўнікі міліцыі і АМАПу. Участковы паведаміў блогеру, што па заяўленні Мікалая Рабушкі ўзбуджаная крымінальная справа, у рамках якой супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да Сяргея з ператрусам. Сяргей Пятрухін запатрабаваў каб агляд праводзіўся ў прысутнасці ягонага адваката, але міліцыянты запярэчылі, маўляў закон не патрабуе прысутнасць адваката і затрымалі за “нападпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі” арт 23.4 КаАП. Да суда блогер ўтрымліваўся пад вартай у ІЧУ Ленінскага РАЎС г. Брэста.
Крыніца: Суд спыніў адміністрацыйную справу супраць Сяргея Пятрухіна