Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
- у месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка. 17 ліпеня адзінаццаць беларускіх праваабарончых арганізацый звярнуліся да прэзідэнта краіны з просьбай аб памілаванні палітвязня М. Жамчужнага;
- працягваецца папярэдняе следства па раней распачатай крымінальнай справе па ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) у дачыненні да дырэктара незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая. Праваабарончае і незалежная журналісцкая супольнасць звязвае дадзены крымінальны пераслед з прафесійнай журналісцкай дзейнасцю А. Ліпая і настойвае на яго спыненні;
- 30 ліпеня пачаўся судовы працэс па крымінальнай справе актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Праваабарончая супольнасць настойвае на неадкладным спыненні дадзенай палітычна матываванай крымінальнай справы;
- цягам месяца былі зафіксаваныя шматлікія факты ціску на незалежных журналістаў-фрылансераў і блогераў, факты затрыманняў і адміністрацыйных арыштаў удзельнікаў мірных сходаў;
- 6 ліпеня ў Савеце па правах чалавека ААН была прынятая рэзалюцыя “Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі”. Рэзалюцыя была прынятая на год і прадугледжвае працяг мандата спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі на гэты перыяд;
- 17 ліпеня ў Мінску адбыўся пяты раунд Дыялогу па правах чалавека “ЕС-Беларусь”, у якім акрамя прадстаўнікоў дзяржаўных органаў узялі ўдзел і прадстаўнікі некаторых незалежных грамадскіх арганізацый: Офіса па правах людзей з інваліднасцю, БХК і БАЖ;
- уступілі ў сілу змены і дапаўненні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах”, у адпаведнасці з якімі быў уведзены паведамляльны прынцып правядзення некаторых відаў масавых мерапрыемстваў (сходаў, мітынгаў і пікетаў) у пастаянна адведзеных для гэтых мэтаў месцах. Адзначаючы пазітыўны характар дадзеных змяненняў, праваабарончая супольнасць, тым не менш, лічыць, што яны істотна не змяняюць сітуацыю са свабодай мірных сходаў у краіне;
- якіх-небудзь істотных зменаў, накіраваных на якасныя змены ў галіне правоў чалавека, у ліпені зафіксавана не было.
17 ліпеня адзінаццаць беларускіх праваабарончых арганізацый падпісаліся пад зваротам да кіраўніка дзяржавы, у якім просяць памілаваць палітвязня Міхаіла Жамчужнага і вызваліць яго ад далейшага адбыцця пакарання.
У гэты ж дзень праваабарончая супольнасць выступіла з заявай у сувязі з крымінальным пераследам кіраўніка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая. У заяве адзначаецца, што крымінальны пераслед А. Ліпая звязаны з яго прафесійнай дзейнасцю і з'яўляецца спробай перашкодзіць працы інфармацыйнага агенцтва, адной з самых аўтарытэтных незалежных крыніц дакладнай і аператыўнай інфармацыі пра Беларусь. Праваабаронцы таксама заклікалі спыніць крымінальную справу супраць дырэктара БелаПАН.
Разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка пачаўся ў судзе Савецкага р-на г. Мінска 30 ліпеня (у памяшканні суда Ленінскага раёна, у Доме правасуддзя).
Нагадаем, Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 года ў межах крымінальнай справы, распачатай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядынічы па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). 2 кастрычніка 2017 года Ігар Комлік быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.
Паводле інфармацыі Следчага камітэта, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, на які ў 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.
Па разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22 867,1 рубля.
Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.
Смяротнае пакаранне
28 чэрвеня Камітэт па правах чалавека ААН пацвердзіў рэгістрацыю індывідуальнага звароту Сямёна Беражнога, які быў прысуджаны да смяротнага пакарання Магілёўскім абласным судом 21 ліпеня 2017 года.
Як паведаміў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, зварот асуджанага быў зарэгістраваны Камітэтам пад нумарам 3196/2018. Праваабаронца ўжо атрымаў адпаведнае паведамленне.
13 ліпеня Камітэт па правах чалавека ААН таксама пацвердзіў рэгістрацыю індывідуальнага звароту Ігара Гершанкова, які быў прысуджаны да смяротнага пакарання Магілёўскім абласным судом 21 ліпеня 2017 года.
Зварот асуджанага быў зарэгістраваны Камітэтам пад нумарам 3209/2018. Праваабаронца ўжо атрымаў адпаведнае паведамленне.
Раней праваабаронцы інфармавалі, што намеснік старшыні Вярхоўнага суда прыпыніў выкананне сьмяротных прысудаў у дачыненьні да Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога на час разгляду іх наглядных скаргаў. Але на дадзены момант скаргі ўжо былі разгледжаны, аб чым паведамлена абаронцам абвінавачаных. Гэта фактычна азначае, што тэрмін прыпынення выканання смяротных прысудаў у сувязі з разглядам наглядных скаргаў спынены і смяротныя прысуды могуць быць прыведзены ў выкананне ў любы час.
Праваабаронцы спадзяюцца, што Рэспублікай Беларусь будуць зроблены часовыя захады аб прыпыненні выканання смяротнага пакарання аж да разгляду звароту Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога Камітэтам па правах чалавека ААН.
Пераслед праваабаронцаў
Пяць назіральнікаў ад ПЦ “Вясна” і БХК былі затрыманыя 3 ліпеня каля 13 гадзін у скверы па вуліцы Талбухіна ў Мінску. Ганна Саханкова, Андрэй Крэчка, Таццяна Мастыкіна, Юрый Мяцельскі і Алена Богдан збіраліся ажыццявіць маніторынг мірнага сходу, правядзенне якога запланаваў Мікалай Статкевіч ад Беларускага народнага кангрэса. Назіральнікаў пасадзілі ў мікрааўтобус і даставілі ў Першамайскі РУУС. Таксама паведамляецца пра затрыманне яшчэ адной назіральніцы — Анісіі Казлюк, якая падыходзіла да Першамайскага РУУС, каб даведацца пра лёс калег. Усіх затрыманых завялі ў памяшканне, дзе разам з назіральнікамі знаходзіліся і ўдзельнікі мірнага сходу. Пасля трох гадзін затрымання назіральнікаў адпусцілі без складання пратаколаў.
Гэта не першае затрыманне назіральнікаў-праваабаронцаў; затрыманне супярэчыць нават нацыянальным законам, паколькі назіральнікі не з'яўляюцца ўдзельнікамі масавага мерапрыемства. Нагодай жа для адміністрацыйнага затрымання па законе можа з'яўляцца здзяйсненне правапарушэння.
Жорсткае абыходжанне
Па-ранейшаму паступаюць паведамленні аб праявах жорсткасці з боку супрацоўнікаў МУС пры выкананні службовых абавязкаў.
Так, у ходзе захопу ўдзельнікаў сустрэчы анархістаў каля горада Крупкі супрацоўнікі міліцыі пратрымалі маладых людзей пад дажджом больш за пяць гадзін на каленях з паднятымі над галавой рукамі. Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок накіраваў скаргу ў Крупскі раённы аддзел Следчага камітэта з нагоды перавышэння супрацоўнікамі САХР і ГУБАЗіК сваіх службовых паўнамоцтваў падчас затрымання анархістаў.
Гарадзенскія актывісты Мікалай Салянік і Аляксандр Лаўрэнцьеў планавалі правесці пікет падчас урачыстасцяў у Гродна 3 ліпеня, у Дзень незалежнасці. Салянік і Лаўрэнцьеў у турэмных робах выйшлі на вуліцу. На іх тут жа накінуліся невядомыя ў цывільным, вельмі жорстка схапілі, кінулі ў мікрааўтобус і вывезлі ў невядомым накірунку. Журналіст-фрылансер Руслан Кулевіч, які фатаграфаваў затрыманне, атрымаў удар кулаком у твар ад аднаго з людзей у цывільным.
Ніхто не прадстаўляўся і не паказваў дакументаў; затрыманых даставілі ў РАУС Кастрычніцкага раёна, але ў хуткім часе хуткая дапамога павезла Мікалая Саляніка ў бальніцу. Вядома, што ў актывіста хворае сэрца. Аляксандр Лаўрэнцьеў правёў ноч у ІЧУ.
Парушэнне права на мірныя сходы і свабоды выказвання меркаванняў
3 ліпеня ў 13.00 у скверы на вуліцы Талбухіна ў г. Мінску павінна была адбыцца “Акцыя вызвалення і салідарнасці”, якую ладзіў Мікалай Статкевіч. Несанкцыянаваную акцыю спынілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Каля трыццаці затрыманых удзельнікаў даставілі ў Першамайскі РУУС. Амаль усе былі адпушчаныя без складання пратаколаў, але некаторых з іх пратрымалі больш за шэсць гадзінаў. Затрыманага да акцыі Мікалая Статкевіча аштрафавалі.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” звярнуўся да Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і свабоду асацыяцый Клемента Ніялетсосі Вуле з паведамленнем аб парушэнні Рэспублікай Беларусь міжнародных абавязальніцтваў у галіне абароны права на мірныя сходы.
4 ліпеня суды г. Мінска прызначылі адміністрацыйныя арышты і штрафы ўдзельнікам пратэсту супраць адкрыцця забаўляльнай установы ў непасрэднай блізкасці ад месца масавых пакаранняў — урочышча Курапаты.
У Брэсце суддзі аштрафавалі за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў на 20 базавых велічынь зборшчыкаў подпісаў пад калектыўным зваротам у Адміністрацыю Прэзідэнта за адстаўку кіраўнікоў вобласці, горада і раёна. Дзеянні брэсцкіх грамадзянскіх актывістаў звязаны з будаўніцтвам шкоднай для здароўя людзей вытворчасці, акумулятарнага завода пад Брэстам. За спыненне будаўніцтва раней падпісаліся каля 40 тысяч берасцейцаў.
ЛГБТК-актывістка Віка Біран двойчы аштрафаваная за фатаграфіі з плакатам “Самі вы падробка”, якія актывістка зрабіла на фоне будынкаў МУС, КДБ і Дома Урада 24 траўня.
У судзе Цэнтральнага раёна г. Мінскв 20 ліпеня разгледжаныя адміністратыўныя справы затрыманых 19 ліпеня пад час пікетавання рэстарана “Гранд Кушавель” (які належыць уласнікам забаўляльнага комплексу, адкрытага ў непасрэднай блізкасці ад урочышча Курапаты) актывістаў Леаніда Кулакова, Вольгі Нікалайчык і Маі Навумавай. Па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) усе трое аштрафаваныя.
Новыя змены ў Закон “Аб масавых мерапрыемствах” істотна не змянілі сітуацыю са свабодай сходаў.
Пераслед журналістаў і блогераў
Людзі ў цывільным затрымалі гарадзенскіх журналістаў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат”. Іх трымалі ў пастарунку, а пасля павезлі дамоў для ператрусу. Відавочцы бачылі, як з дома выносілі камп’ютарную тэхніку.
Брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін атрымаў позву ў міжраённы Следчы Камітэт, дзе супраць яго распачатая крымінальная справа за абразу.
Пятрухін кажа, што супраць яго распачатая крымінальная справа па частцы 2 артыкула 189 Крымінальнага кодэкса — “абраза, нанесеная ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці ў публічна прадэманстраваным творы, або ў сродках масавай інфармацыі”.
Рэчыцкага актывіста Алега Шабетніка падазраюць у паклёпе на начальніка раённай інспекцыі камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалая Маісеенкі, паведамляе БАЖ. Актывіст кампаніі “Гавары праўду” апісаў сітуацыю на сваёй старонцы ў Facebook. Шабетнік заявіў пра пагрозы і незаконныя патрабаванні з боку Маісеенкі і, акрамя паведамлення ў сацыяльнай сетцы, напісаў заяву ў праваахоўныя органы.
Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Ліпень 2018