У Адміністрацыі Прэзідэнта разгледзелі зварот шэрагу грамадскіх аб'яднанняў аб памілаванні палітвязня Міхаіла Жамчужнага.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў Г. Шлык у сваім адказе ўказаў, што "ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ад 3 снежня 1994 г. №260 «Аб зацвярджанні Палажэння аб парадку ажыццяўлення ў Рэспубліцы Беларусь памілавання асуджаных, вызвалення ад крымінальнай адказнасці асобаў, якія садзейнічалі раскрыццю і ліквідацыі наступстваў злачынстваў» пытанне памілавання асуджанага Міхаіла Жамчужнага можа быць разгледжана толькі па яго асабістым хадайніцтве".
Хадайніцтва палітвязень павінен падаваць на імя Прэзідэнта праз адміністрацыю папраўчай калоніі, якая накіроўвае яго ў Адміністрацыю Прэзідэнта з дадаткам копій судовых пастаноў, характарыстык і іншых неабходных дакументаў, якія маюць значэнне для разгляду пытання аб памілаванні.
Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна", які ўваходзіць у лік падпісантаў аб памілаванні, Валянцін Стэфановіч адзначае, што рашэнне звярнуцца з прашэннем на імя Прэзідэнта было прынятае, таму што праваабарончыя арганізацыі занепакоеныя лёсам Міхаіла Жамчужнага і тым становішчам, у якім ён знаходзіцца ў калоніі ўвесь гэты час.
«Мы вырашылі звярнуцца з такім прашэннем на імя Прэзідэнта, таму што ён надзелены такімі паўнамоцтвамі згодна з Канстытуцыяй. Мы зыходзілі з прававой практыкі, якая склалася за апошнія гады, калі Прэзідэнт неаднаразовы ажыццяўляе памілаванне палітвязняў без іх асабістых зваротаў. Таму для нас гэтыя адсылкі Адміністрацыі да таго, што Жамчужны павінен звярнуцца сам са сваім хадайніцтвам, выглядаюць вельмі недарэчнымі.
Гэта сведчыць аб тым, што Адміністрацыя не жадае ажыццяўляць памілаванне», - падкрэсліў праваабаронца.
Важна адзначыць, што пытанне аб становішчы Міхаіла Жамчужнага абмяркоўвалася ў ходзе 63-яй сесіі Камітэта супраць катаванняў ААН, а таксама яго справа была на парадку дня Дыялогу па правах чалавека ЕС-Беларусь.
Больш за тое, праваабаронцам стала вядома, што ціск на Міхаіла Жамчужнага з боку адміністрацыі папраўчай калоніі №9 не спыняецца. Так, пасля двух месяцаў утрымання ў ПКТ (з 10 красавіка) да папярэдніх спагнанням у дачыненні да палітвязня дадаліся наступныя: 10 сутак ШІЗА ад 20 чэрвеня, затым зноў 10 сутак - ад 30 чэрвеня, і зноў 10 сутак - ад 10 ліпеня, і зноў 10 сутак - ад 21 ліпеня. Матывіроўка накладання спагнання на Жамчужнага застаецца ранейшай - «адмова следаваць у атрад».
Па-ранейшаму застаецца праблема з атрыманнем і адпраўленнем карэспандэнцыі. З гэтай нагоды Міхаіл Жамчужны ўжо звяртаўся ў пракуратуру, якая ў сваю чаргу перанакіравала скаргу ў Магілёўскі УДВП. УДВП у сваім адказе ўказаў, што з 32 лістоў, якія дасылаў Жамчужны, выйшлі за межы калоніі толькі 12. Некаторыя лісты былі знішчаныя, што стала з усімі астатнімі - да канца не ясна.
Таксама Міхаіл Жамчужны двойчы адправіў зварот у Магілёўскую назіральную камісію з просьбай наведвання калоніі. Аднак, яго другі зварот вярнулі па прычыне таго, што яго адпраўка павінна адбывацца па агульнай працэдуры - праз цэнзараў, а не праз спецчастку, як зрабіў палітвязень. Пры гэтым першы зварот у ГНК, перададзены таксама праз спецчастку, быў адпраўлены.
Міхаіл Жамчужны абскардзіў у суд чарговыя спагнанні, вынесеныя яму яшчэ ў лістападзе 2017 года: 10 сутак ад 1 лістапада, пяць сутак ад 11 лістапада, па 10 сутак ад 16 лістапада і 27 лістапада. Суд адмовіў у задавальненні скаргаў 20 ліпеня. Палітвязень ужо падаў касацыйную скаргу на рашэнне суда.
Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся з часу пераводу ў калонію №9, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя зневажальныя ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін. Варта адзначыць, што раней агучаная інфармацыя, што атрад №13, куды спачатку спрабавалі перавесці Жамчужнага, сфармаваны цалкам з асуджаных “з нізкім статусам”, не атрымала пацверджання: у гэтым атрадзе маюцца асобныя пакоі, у якія размяшчаюцца асуджаныя “з нізкім статусам”, іх туды пераводзіць адміністрацыя. Палітвязень сапраўды адмаўляўся пераходзіць спачатку ў атрад №13, а затым і ў іншыя, аднак кожны раз абгрунтоўваў свае адмовы жаданнем захаваць сваю чалавечую годнасць і прасіў адміністрацыю прадставіць яму бяспечныя ўмовы адбыцця пакарання.
Крыніца: Жамчужнаму адмоўлена ў памілаванні, сам ён зноў і зноў аказваецца ў ШІЗА