“Справу прафсаюзаў” даручылі давесці да лагічнага завяршэння вопытнай суддзі суду Савецкага раёна Мінска Марыне Фёдаравай. Колькі вы не шукайце яе выявы ў сацыяльных сетках – ня знойдзеце: асоба яна надта непублічная. Паколькі і праца ў яе мае сваю спецыфіку – вяршыць правасуддзе. Ці так гэта?

Па няпоўных звестках, якія ўдалося сабраць праваабаронцам, за апошнія 10 год суддзя Марына Аркадзьеўна Фёдарава пакарала арыштамі 18 актывістаў і прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці па палітычна матываваных артыкулах на агульны тэрмін 280 сутак (у сярэднім па 16 сутак на чалавека). Штрафамі былі пакараныя 22 чалавекі на агульную суму 705 базавых велічыняў. Вось як гэта выглядала па гадах:

 Па якіх артыкулах выносіла прысуды суддзя Марына Фёдарава?

 Пераважная большасць пастаноў па адміністрацыйных справах вынесеная па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), затым ідзе артыкул 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі), далей - артыкул 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Гэтакі звычайны набор пераследу беларускага апазіцыянера.

Каму выносіла прысуды суддзя Марына Фёдарава? 

Сайт  palitviazni.info ўзгадвае толькі некаторыя з іх:

2013 год

6 жніўня суд Савецкага раёна прысудзіў праваабаронцам Уладзіміру Лабковічу і Таццяне Равяка штрафы – па 30 базавых велічынь кожнаму. Праваабаронцы праводзілі інфармацыйную акцыю ў межах Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Ён быў прымеркаваны да даты арышту віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага, арыштаванага 4 жніўні 2011 году. Прысуд Таццяны Равяка выносіла суддзя Марына Фёдарава.

2014 год

17 сакавіка суддзя Савецкага раёна Мінска Марына Фёдарава прызнала старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку вінаватым па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства) і частцы 1 арт. 23.34 (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў) Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях. За першае парушэнне ён атрымаў 5 сутак арышту, за другое — 10.

Лябедзька і яшчэ восем удзельнікаў перадвыбарчага пікета АГП былі затрыманы 16 сакавіка ля Камароўскага рынка.

Згодна з адміністрацыйнымі пратаколамі, Лябедзька нібыта спрабаваў наладзіць бойку і нецэнзурна выказваўся ў дачыненні да другога сакратара БРСМ Аляксея Марозіка, які і заявіў на Лябедзьку ў міліцыю.

У сваю чаргу Лябедзька падкрэсліў, што ўдзельнічаў у афіцыйна дазволеным перадвыбарным пікеце кандыдата ў дэпутаты мясцовых саветаў ад АГП Антона Жалко. Таксама ўдзельнікі пікета нагадалі пра беларускіх палітзняволеных і бясследна зніклых палітыках, што не супярэчыць праграме кандыдата ў дэпутаты.

2016 год

Суд Савецкага раёна Мінска 21 ліпеня аштрафаваў намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва на 20 базавых велічынь (420 рублёў), прызнаўшы яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 25 сакавіка з нагоды Дня Волі.

Кастусёў адзначыў, што быў адным з арганізатараў акцыі. «На мне вісеў бэджык з надпісам «арганізатар». Падчас акцыі ў мой адрас не паступіла ніводнай заўвагі», — сказаў палітык.

Паўторны разгляд адміністрацыйнай справы вяла суддзя Марына Фёдарава, якая падтрымала паказанні супрацоўнікаў міліцыі.

*** 28 ліпеня старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка быў аштрафаваны на 20 базавых велічыняў (420 дэнамінаваных рублёў) за ўдзел у акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка. Такое рашэнне 28 ліпеня вынесла суддзя суда Савецкага раёна Мінска Марына Фёдарава.

У пастанове суда сказана, што 25 сакавіка ў 18.40 ён «узяў актыўны ўдзел у мітынгу, на правядзенне якога адсутнічае дазвол Мінгарвыканкама». Сведкай у судзе выступіў участковы міліцыянер Віталь Паўлоўскі, які заявіў, што Шумчанка «выкрыкваў лозунгі». Сам лідар «Перспектывы» гэта адмаўляў.

2017 год

27 сакавіка двух апазіцыйных актывістаў — таксіста Леаніда Кулакова і барда Дзмітрыя Захарэвіча — суд Савецкага раёна Мінска прыгаварыў да 25 і 20 сутак адміністрацыйнага арышту адпаведна.

Суддзя Марына Фёдарава прызнала іх вінаватымі на падставе арт. 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) і арт. 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) КоАП. Абодва былі затрыманыя 25 сакавіка падчас вулічнай акцыі ў цэнтры Мінска.

Прозвішча Фёдаравай уключана ў Рэестр асоб, якія маюць дачыненне да палітычна матываванага пераследу.

Крыніца: "Справа прафсаюзаў": чым вядомая суддзя Марына Фёдарава?