Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч У судзе Савецкага раёна Мінска 30 жніўня пачынаецца разгляд крымінальнай справы старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка. Ім прад’яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Працэс будзе весці суддзя Марына Фёдарава.

Генадзь Фядыніч быў затрыманы 2 жніўня 2017 года. На яго кватэры і па месцы працы адбіліся ператрусы, канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі накладзены арышт.  Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны.

Крымінальная справа таксама ўзбуджаная ў дачыненні да Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь правялі ператрусы дома ў Ігара Комліка, Генадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Канфіскаваныя камп’ютарная тэхніка і фінансавыя дакументы.

Паводле афіцыйнай інфармацыі  Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году па  2 кастрычніка 2017 году. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

Што вядома па “Справе прафсаюзаў”? 

● Следства доўжылася амаль год. Яго працягвалі некалькі разоў: 13 снежня 2017 года, 2 лютага і 2 траўня 2018 года. Мяняўся і павялічваўся склад следчай групы.

● За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюза РЭП.

● Крымінальная права налічвае 11 тамоў.

● 8 траўня Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ). 

У падтрымку лідэраў прафсаюза РЭП выступілі з сумеснай завявай шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый,  Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, іншыя міжнародныя і нацыянальныя арганізацыі.

Варта адзначыць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць.

Працэс будзе праходзіць у памяшканні суда Ленінскага раёна, у Доме правасуддзя (вул. Сямашкі, 33). Пачатак першага паседжання - у 11.30. 

Крыніца: Суд па “справе прафсаюзаў”: што маем на старце?