Суд Ленінскага раёна Гародні 30 траўня вынес пастанову па справе Сяргея і Вольгі Верамеенкаў, якіх звінавацілі у правядзенні пікетавання, якое выявілася ў дэманстрацыі бела-чырвона-белага сцяга ў сацыяльных сетках. Адміністратыўную справу па арт 23.34 КаАП разглядаў суддзя Руслан Гурын.
Сябра партыі БХД гарадзенец Сяргей Верамеенка, ня ўтойвае, што размясціў здымкі з бела-чырвонымі сцягамі і надпісамі «У Гародні такія самыя, як Васіль», «Такі самы, як Васіль!!!» ў «Фэйсбуку» на знак салідарнасці з Васілём Паляковым, які адбываў у Гомелі 15 сутак арышту за бела-чырвона-белы сцяг.
На папярэднім паседжанні 25 траўня супрацоўнік міліцыі, які выступаў у судзе ў якасці сведкі, заявіў, што пікет быў праведзены ў інтэрнэце. Тады ж Сяргей Верамеенка заявіў хадайніцтва, каб суд дапытаў яшячэ аднаго сведку – участковага Уладзiмiра Казлоўскага, якi складаў пратакол правапарушэння. Аднак сёння сведка так і не з’явіўся на разгляд адміністрацыйнай справы. Сяргей Верамеенка настойваў, каб сведка выступіў, аднак суддзя адхiлiў гэтае хадатайства, паведаміўшы, што суд абыйдзецца і без сведкі.
Пасля перапынку суддзя Руслан Гурын абвясціў пастанову: спыніць адміністратыўную справу за адсутнасцю складу правапарушэння.
Крыніца: Суд за бел-чырвона-белы сцяг: "пікет у інтэрнэце" не пракаціў