Берасцейская актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк пераведзена са статуса сведкі ў статус падазраванай па справе вывешанага ў Берасці банера з надпісам: “Лукашенко, ты урод! Хватит грабить наш народ!”. Крымінальную справу справу за абразу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч.1 арт 368 КК) узбудзіў Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта РБ.
Санкцыя па артыкуле 368 Крымінальнага кодэкса (публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, або папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, або арышт на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленне волі на той ж тэрмін.
Справа ў тым, што яшчэ 16 лютага ў Берасці была вывешаная расцяжка “Лукашенко, ты урод! Хватит грабить наш народ!”. Па факце вывешвання гэтага банэра была спачатку заведзеная адміністрацыйная справа. Супрацоўнікі міліцыі правялі апытанне актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Шарэнды і яго жонкі Паліны Шарэнда-Панасюк. Затым была праведзеная лінгвічстычная экспертыза тэксту банера, якая прыйшла да высновы аб наяўнасці прыкметаў абразы прэзідэнта, маўляў, надпіс носіць цынічны, абражальны характар. Актывістаў дапыталі ў якаясці сведкаў, аднак яны адмовіліся сведчыць супраць сябе.
Як піша Беларускае Радыё Рацыя, 29 траўня стала вядома, што ў справе з’явіліся паказанні сведкі – нейкага Ігара Леанюка, які, як было бачна з паказанняў, дрэнна арыентаваўся, на якой вуліцы ён знаходзіўся, на якім прыпынку, але Паліну дакладна пазнаў, бо мае фатаграфічную памяць. На апазнанні актывістку пасадзілі з дзвюмя дзяўчынамі – фарбаванымі бландынкамі з доўгімі валасамі, каб, так бы мовіць, сведка не памыліўся, кажа Паліна Шарэнда-Панасюк:
– Гэтая справа сфабрыкавана. Яна ідзе ў адным рэчышчы з ціскам на актывістаў “Еўрапейскай Беларусі”. Можна меркаваць, што ўлады распрацавалі аперацыю па нейтралізацыі актывістаў, лідараў пратэстных рухаў у чаканні восені 2017 года.
Паводле Паліны Шарэнды-Панасюк, сілавікі шукаюць розныя зачэпкі, каб актывістаў да восені нейтралізаваць. Паліна адмовілася сведчыць супраць сябе па гэтай замоўнай палітычнай справе.
Пра вяртанне да практыкі пераследу актывістаў па дыфамацыйных артыкулах сведчыць яшчэ адзін факт. Дагэтуль невядомыя вынікі праверкі па факце абразы прэзідэнта прадпрымальнікам Генадзем Бердзеневым з Полацка. Падчас вобыску 24 красавіка у яго быў канфіскаваны планшэт. Паводле слоў Бердзенева, яму прад’явілі пастанову, падпісваць якую ён адмовіўся. Прадпрымальнік не адмаўляе, што ставіў „лайкі” ў сацыяльных сетках пад запісамі, дзе крытыкуюцца дзеянні Аляксандра Лукашэнкі, і сам пакідаў каментарыі ў групе, але адмаўляе факт абразы прэзідэнта. „Ніколі яго прозвішча і пасаду я не называў”, — адзначае прадпрымальнік.
Між тым, 30 траўня ў Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта выклікаюць таксама мужа Паліны, Андрэя Шарэнду. Верагодна і ён стане яшчэ адным падазраваным па крымінальнай справе за абразу прэзідэнта.
Праваабаронцы нагадваюць, што артыкулы Крымінальнага кодэксу 367 (паклёп у дачыненьні прэзыдэнта) і 368 (публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) прымяняюцца ў Беларусі даволі часта. У 2002 годзе, пасля прэзідэнцкіх выбараў, па гэтых артыкулах былі асуджаныя галоўны рэдактар гродзенскай газеты "Пагоня" Мікола Маркевіч і журналіст газеты Павел Мажэйка за артыкулы, якія нават не дайшлі да чытача, паколькі нумар газеты быў арыштаваны яшчэ ў друкарні (адпаведна 2,5 і 2 гады абмежавання волі; пасля тэрмін пакарання абодвум быў зменшаны на год у сувязі з прымяненнем закона аб амністыі).
18 траўня 2004 года прадпрымальніку Валерыю Леванеўскаму было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 368 (ч. 2) Крымінальнага кодэкса Беларусі — «Публічная абраза прэзідэнта РБ здзейснены асобай, якая раней была судзіма за абразу або паклёп альбо злучэнне з абвінавачваннем у здзяйсненні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства». Валерый з ІЧУ быў змешчаны ў СІЗА на 2 месяцы.
Апошні гучны выпадак – справа Аляксандра Лапіцкага. 12 красавіка 2016 года пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Мінска ўстаноўлена, што Лапіцкі Аляксандр Нікіфаравіч здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеяннi, прадугледжаныя артыкуламі 368 («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Абраза суддзі або народнага засядацеля») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і гэтыя дзеянні ім былі здзейсненыя ў несвядомым стане. У дачыненні да Аляксандра Лапіцкага ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння. У выніку абскарджанняў, у задавальненні скаргаў было адмоўлена і пастанова суда набыла законную сілу.
Крыніца: Улады Беларусі вяртаюцца да практыкі выкарыстання дыфамацыйных артыкулаў