Суд Савецкага раёна Гомеля адмовіў Уладзіміру Кацору, Андрэю Макараву, Віктару Рубцову, Дзмітрыю Сабураву, Андрэю Толчыну і Арцёму Шапараву у разглядзе калектыўнай скаргі на ўмовы ўтрымання ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) УУС Гомельскага аблвыканкама.
Як піша «Гомельская Вясна», за вясновыя акцыі пратэстаў супраць прэзідэнцкага дэкрэта аб дармаедах актывісты на ўсіх адседзелі ў ІЧУ больш за 60 сутак, пасля чаго паскардзіліся ў суд.
Па словах актывістаў, суд адмовіў у разглядзе скаргі ў сувязі з яе непадведамаснасцю суду.
«Атрымліваецца, што ўмовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі не могуць быць падвергнуты сумненню. Па Канстытуцыі грамадзяне маюць права на судовую абарону сваіх правоў, мы пайшлі ў суд, а нам кажуць, умовы ўтрымання ў ІЧУ судом не абараняюцца!» — заявіў адседзеўшы 14 сутак арышту Віктар Рубцоў.
Ён таксама адзначыў, што будзе падаваць пратэст у Гомельскі абласны суд.
Нагадаем, дэмакратычныя актывісты звярнуліся са скаргай у суд на бесчалавечныя ўмовы ўтрымання арыштаваных у ІЧУ УУС Гомельскага аблвыканкама. Грамадзяне, якія адбылі пакаранне за сакавіцкія акцыі пратэсту, скардзіліся на холад і скразнякі ў камерах, адсутнасць гарачай вады, нерэгулярныя прагулкі, антысанітарыю і немагчымасць памыцца ў душы.
ПраваабаронцаЛеанід Судаленка, які дапамагае актывістам скардзіцца ў судовыя інстанцыі, адзначае, што адмова ў судовай абароне па матывах адсутнасці, непаўнаты, супярэчлівасці, няяснасьці нарматыўнага акта не дапускаецца.
«У абставінах, якія склаліся ў распараджэнні актывістаў не было якіх-небудзь эфектыўных сродкаў прававой абароны, якія дазваляюць аспрэчыць у незалежнай і бесстаронняй судовай інстанцыі ўмовы ўтрымання ў ІЧУ, што несумненна прывяло да парушэння іх права на справядлівае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом», — адзначыў юрыст.
Крыніца: У Гомелі суд адмовіўся разглядаць скаргу на ўмовы ўтрымання ў ІЧУ