У Вярхоўным судзе Беларусі прызначаная дата разгляду апеляцыйнай скаргі асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Нароўлі Аляксея Міхалені.
Як паведаміў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, скарга будзе разгледжана Калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда 30 чэрвеня.
Вышэйшую меру пакарання Аляксею Міхаленю за забойства двух чалавек з асаблівай жорсткасцю вынес Гомельскі абласны суд 17 сакавіка на выязным пасяджэнні. Суд таксама пастанавіў спагнаць з Міхалені на карысць сваякоў забітых кампенсацыю маральнай шкоды ў суме 50 тысяч рублёў.
Целы пажылых брата і сястры былі знойдзеныя 5 сакавіка 2016 года ў прыватным доме ў Нароўлі. Забітыя пражывалі разам.
Па звестках праваабаронцаў, у Мінскім СІЗА №1 зараз чакае выканання прысуду толькі адзін чалавек – жыхар Мазыра Кірыл Казачок, які адмовіўся ад падачы апеляцыйнай скаргі.
Ад пачатку 2017 года адзін прысуд быў прыведзены ў выкананне. Гамяльчанін Сяргей Вострыкаў, скаргу якога Вярхоўны суд пакінуў без задавальнення, растраляны ў другой палове красавіка.
Крыніца: Скаргу асуджанага да смяротнага пакарання разгледзіць Вярхоўны суд